ІI Нядзеля Вялікага посту. Кс. Андрэй Кеўлюк
“Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце.” (Мц 17,5) Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану, чытачы нашага парталу, сёння мы з Вамі разам з Езусам і Яго вучнямі: Пятром, Якубам і Янам, узыходзім на высокую гару. Эвангелісты не акрэслілі назву гары, на якой адбылося перамяненне Пана. Экзэгеты першых вякоў хрысціянства таксама нічога не гавораць аб назве гары і толькі ў Арыгена, Хераніма спатыкаем меркаванне, што гэта была гара Табар, больш жа сучасныя экзэгеты схіляюцца да меркавання, што перамяненне адбылося на адным з адгор'яў Хермону – аднак гэта толькі меркаванні. Гара ў Святым Пісанні – сімвал Божага аб'яўлення, Божай велічы і магутнасці. Езус разам са сваімі вучнямі запрашае таксама кожнага з нас узысці на гару, каб зазірнуць у твар Бога.
Індзейцы племені Інкаў у Перу пабудавалі вельмі прыгожую святыню сонца ў горадзе Цузцо. Святыня мела толькі тры сцяны: паўночную, паўднёвую і заходнюю, а вось усходняй сцяны і даху святыня не мела. Унутры заходняя сцяна была пакрыта выпалераваным золатам, якое свяціла як люстэрка. Веруючыя збіраліся ў святыні перад усходам сонца, тварамі звернутыя на захад. Промні ўзыходзячага сонца адбіваліся ад люстраной сцяны і святыня напаўнялася незвычайным свячэннем. Святло сваёй інтэнсіўнасцю і золатам зачароўвала веруючых, твары якіх, асветленыя сонечным светам, набіралі незвычайны выраз (свячэнне). Радасць і экстаз на тварах вернікаў, здавалася, пранікаў у іх сэрцы. Позірк у твар бога сонца перамяняў людзей, яны набіраліся сілы для выконвання сваіх штодзённых абавязкаў.
Кожны з нас таксама можа быць асветлены Богам, калі мы знойдзем час, каб спыніцца. Гостыя замкнёная ў залатой манстранцыі дае шанс перамяняючага позірка на “твар” сапраўднага Бога.
Хацеў бы сёння, паважаныя, звярнуцца да кожнага з вас з просьбай і мальбой; каб мы як мага часцей знаходзілі час на спатканне з жывым Езусам Хрыстом у Гостыі, асабліва цяпер, калі мы перажываем час Вялікага Посту. Няхай кожны з нас не спяшаецца пасля Святой Імшы дадому, каб утульна сесці на канапу і, ўключыўшы тэлевізар ці кампутар, правесці за імі ўвесь дзень, але няхай мы знойдзем можа для пачатку хоць 5-10 хвілін на асабістую адарацыю Езуса ў Гостыі. Нажаль, многія з нас заўсёды не маюць часу – гэта датычыць як свецкіх веруючых, так, нажаль, і духоўных асоб; мы з Вамі ўвесь час дзесці спяшым, “ляцім” – і ўсё роўна не паспяваем. Мы павінны, як тыя індзейцы з гісторыі, зазірнуць у твар Бога, прыняць Яго ў нашыя сэрцы. А для гэтага трэба суцішыцца і знайсці час для Айца, нягледзячы на стому ад выкананых абавязкаў і працы – Інкі павінны былі прачнуцца ноччу, каб спаткаць бога сонца. Адарацыя Езуса Хрыста ў Гостыі дапаможа нам змяніць сваё жыццё, паглядзець на многія жыцёвыя цяжкасці з іншай, Божай перспектывы – нашае жыццё набярэ іншага сэнсу. Мы зможам спаткаць Бога.
Святы Юстын у II веку ў сваёй “Апалогіі” так піша аб язычніках, якія прынялі хрысціянства: “Калісці мы шукалі задавальнення ў распусце, цяпер жа бачым шчасце ў чысціні і цнатлівасці. Мы бралі ўдзел у абрадах чарнакніжнікаў і ведзьмакоў, цяпер жа аддаліся добраму Богу. Грошы і багацце мы любілі больш за ўсё, цяпер жа нават сваю маёмасць складваем і з кожным бедным яе дзелім. Ненавідзілі адзін аднаго, узаемна забіваліся, цяпер жа, прыняўшы Хрыста, молімся за тых, хто пераследаваў нас; тых, хто несправядліва ненавідзіць нас, што большае, стараемся сваім прыкладам іх здабыць, каб і яны вялі жыццё згоднае з узнёслымі наказамі і ідэаламі Хрыста і разам з намі былі поўныя надзеі”.
Няхай твары кожнага з нас будуць люстэркамі для іншых, у якіх яны змогуць убачыць Божае абліча. І няхай кожны з нас, спаткаўшы Бога, дзеліцца Ім з навакольнымі.