13 сакавіка, у гадавіну абрання кардынала Хорхе Марыё Берголіо - Папы Францішка – на Святы Пасад, у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой дзякавалі за Пантыфікат Папы і маліліся аб патрэбных дарах і ласках для яго ў кіраванні Касцёлам.
Малітву з удзелам вернікаў Гродна, святароў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Удзельнічаў таксама дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
Гродзенскі ардынарый заахвоціў падчас Імшы ўсіх людзей добрай волі маліцца за Папу ў першую гадавіну яго абрання, каб “Дух Святы спадарожнічаў Пантыфіку ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам”.
Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што самыя першыя хвіліны пасля абрання кардынала Хорхе Марыё Берголіо на Святы Пасад паказалі, што гэтае служэнне будзе прынамсі іншае – “нестандартнае”. Па словах біскупа, у гэты дзень, калі адзначаецца гадавіна абрання Пантыфіка, трэба падкрэсліць “выключнасць” і “незвычайнасць” сучаснага Апостала Пятра, якая якраз і заключаецца ў змаганні з “выключнасцямі” і “незвычайнасцямі”.
Іерарх дадаў, што Папа Францішак сваёй арыгінальнасцю і непасрэднасцю шле ўсяму свету пасланне, якое заключаецца ў тым, што пра Хрыста сёння недастаткова толькі казаць але з Хрыстом трэба жыць, а “Евангелле, якое мы абвяшчаем, - гэта не толькі прыгожыя і мудрыя словы, але Слова, якое дае паўнату і радасць хрысціянскага жыцця”. Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, зрабіўшы словы „Evangelii Gaudium” (“Радасць Евангелля”) сваім біскупскім дэвізам, таксама заахвоціў такім чынам да радаснага абвяшчэння Добрай Навіны.
Іерархі падчас Імшы заклікалі вернікаў да далейшай руплівай малітвы ў інтэнцыі Папы, каб ён указваў сучасным людзям, асабліва моладзі, шлях, які забяспечыць збаўленне.
Паводле Сatholic.by