У мінулыя выходныя (7-10 сакавіка) ў Гродне адбыліся духоўныя практыкаванні для катэхетаў і наведнікаў катэхетычных курсаў. У пятніцу і суботу адбыліся рэкалекцыі для будучых катэхетаў, а ў нядзелю і панядзелак для манаскіх сясцёр, свецкіх катэхетаў, якія праводзяць катэхетычныя заняткі ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. Арганізатарамі духоўных сустрэч выступіў аддзел выхавання і навучання пры Гродзенскай курыі на чале з а. д-рам Андрэем Шчупалам CSsR.
Духоўныя сустрэчы ў пятніцу і суботу ўяўлялі сабой катэхетычныя майстар-класы, спалучаныя з рэкалекцыйнымі навукамі з супольнымі разважаннямі над Словам Божым на тэму “Езус Хрыстус паводле чатырох Евангелістаў”.
У нядзелю ранішнюю св. Імшу цэлебраваў Яго Эксцэленцыя кс. бп Аляксандр Кашкевіч, падчас якой адбылося ўрачыстае ўручэнне 13 дыпломаў аб заканчэнні катэхетычных курсаў. Ксёндз біскуп падкрэсліў вялікую вартасць паклікання катэхетаў у іх працы над евангелізацыяй дзяцей і моладзі. Гэтым скончыліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў катэхетычных курсаў.
Далей падчас св. Імшы ў 17.30 на пачатак рэкалекцый для настаўнікаў рэлігіі а. Андрэй прамовіў казанне, дзе заакцэнтаваў увагу на тым, што “катэхета – гэта пакліканы і пасланы члавек. Пакліканне – гэта асаблівае звяртанне Бога да чалавека з заахвочваннем да сціслага супрацоўніцтва ў місіі збаўлення. У пакліканні і пасланні катэхеты мы бачым заданне, якое ідзе ад Хрыста”. Ён таксама разважаў над праблемай разбурэння маральных каштоўнасцяў, праблемай алкагалізму і наркаманіі і іншых прапаноў несапраўднага шчасця для сённяшняй моладзі. Падчас сваёй прамовы айцец падкрэсліў, што “катэхета становіцца для дзяцей прадстаўніком Бога”, і гэта ўплывае на фарміраванне вобраза Бога ў навучэнцаў.
На рэкалекцыі з'ехаліся катэхеты з розных парафій, нават самых аддаленых куткоў Гродзенскай дыяцэзіі.
Канферэнцыі праводзілі прадстаўнікі Школы новай евангелізацыі супольна з а. д-рам Андрэем Шчупалам CSsR на тэмы: “Пакліканне і выбар – вяртанне да вытокаў”, “Наша місія – быць сябрам Нарачонага”, “Перашкоды і іх пераадоленне – вернасць выбару”. Сёлетняя вялікапосная сустрэча праходзіла пад дэвізам – “Не дазваляйце адбіраць у сябе радасць”, а разважанні абапіраліся на адгартацыю Святога Айца Францішка “Evangelii Gaudium”. Выклады чаргаваліся з перапынкамі на каву і абмеркаванне ўзнікшых пытанняў. Удзельнікі рэкалекцый мелі магчымасць скартыстаць з сакраманту споведзі.
Літургію ў панядзелак на заканчэнне рэкалекцый узначаліў кс. біскуп Юзаф Станеўскі. На пачатку ён узгадаў словы а. Андрэя, што “ў Бога няма супадзенняў, усё запланавана”. “Радасць Евангелля павінна быць у нас саміх, каб іншых да гэтай радасці прывесці,” – дадаў Яго Эксцэленцыя. Таксама кс. біскуп казаў аб важнасці добра выконваць сваю паслугу, адкрыць свае сэрцы ў час гэтых рэкалекцый, каб Хрыстос мог да іх дакрануцца, а “вы павінны несці гэты дотык, гэтую радасць іншым на занятках рэлігіі, у сваіх дамах”.
На прыканцы св. Імшы кс. біскуп Юзаф яшчэ раз напомніў прысутным аб вялікай адказнаці іх паклікання, што “вы – тыя, хто ўдзельнічае ў стварэнні новага чалавека з гэтых дзяцей (…) і гэта дар ад Бога”. Затым пастыр паблагаславіў прысутных на далейшую працу, каб яна прыносіна як найбольшы плён.
Марына Белаблоцкая