Skip to main content

Адышоў у вечнасць Рыгор Барадулін

2 сакавіка адышоў у вечнасць Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Яму было 79 гадоў. Малітва за памерлага адбудзецца у аўторак, 4 сакавіка, у 11 і 13 гадзін у Чырвоным касцёле ў Мінску. Рыгор Барадулін быў католікам усходняга абраду. Пахаванне адбудзецца на маленькай Радзіме, на Ушаччыне, дзе нарадзіўся спачылы паэт.

Нарадзіўся 24 лютага 1935 году, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць. Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях (сярод іх — газета «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура».У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Пачаў друкавацца з 1953 году.

Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы Рымскага Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з Пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Пераклаў на беларускую мову шмат твораў розных аўтараў, а таксама кнігу Яна Паўла II.

Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976), Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.) і медалём Францішка Скарыны. Барадулін з'яўляецца Ганаровым доктарам БДУ і ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна.

У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).

Рэдакцыя grodnensis.by выказвае шчырыя спачуванні сям'і спачылага і заахвочвае ўсіх чытачоў да малітвы за душу памерлага Рыгора Барадуліна. Вечны адпачынак дай яму, Пане...

 

Паводле газеты "Каталіцкі Веснік"