Чэмпіянат Еўропы сярод святароў напаткаў сваё лагічнае завяршэнне. Госці раз’ехаліся па парафіях, дзе іх, напэўна, ужо чакаюць свае абавязкі. Хтосьці ў суботу паедзе да хворых, хтосьці раненька адправіць святую Імшу, большасць будзе ў нядзелю падчас казання распавядаць парафіянам пра сваё падарожжа ў так мала вядомую Беларусь. Іх жыццё пойдзе далей сваім ходам. Аднак хацелася б зрабіць маленькае падвядзенне вынікаў і адказаць на пытанне: “Дык з чым жа мы застаемся пасля гэта мерапрыемства?”.
Гэтая сустрэча не была малітоўнай. Гэта была проста сустрэча святароў. Гэткія таксама маюць месца быць. Людзі сустракаюцца, размаўляюць, моляцца, наведваюць новыя месцы і проста знаходзяцца разам. У нашым выпадку яны яшчэ граюць у футбол. Ці наадварот – граюць у футбол і робяць рэшту. Да гэтага яшчэ прысутнічае евангелізацыя. Дай Бог, каб усе добра зразумелі тое, што хацелі данесці святары. Ці хаця б ідэю, дзеля якой ладзілася гэтае спаборніцтва.
Несумненна, ўсе паказалі нашу стандартную беларускую гасціннасць. Усе былі накормленыя, усё было спланавана цудоўна, было чысценька і быў парадачак. Госці пра гэта таксама казалі. Міліцыя з мігалкамі суправаджала аўтобусы, ЖКГ у канцы лютага чысціла фантан насупраць Дома Культуры. Супрацоўнікі гатэля Ліда працавалі ў рэжыме максімальнай ветлівасці. Лідскае начальства дапамагала як умела. Усе стараліся. Так, мы паказалі сваю ветлівасць і адданасць гасцям.
Аднак падаецца, што мы зрабілі не ўсё. Кажуць, што наша ветлівасць і шчырасць сёння рэдкая з’ява ў Еўропе. Аднак ці гэта ўсё, што нам засталося ад нашых прашчураў, ці гэта ўсё, што нам перадалі мудрыя вякі нашай гісторыі? Часам складваецца ўражанне, што мы як евангелічная Марта, якая завіхаючыся каля рондляў і патэльняў забывае пра тое, што мае нешта большае. Нашыя акуляры веры – самая цікавая і непаўтаральная адметнасць. І складваецца ўражанне, што мы ўсіх накармілі і абагрэлі, але чагосьці важнага мы ім не сказалі. Мы прынялі гасцей, а не братоў.
У пятніцу на ранішняй літургіі засталіся толькі каманды з Беларусі, Польшчы, Казахстана і Украіны. Рэшта выехала яшчэ ноччу. Пасля службы раз’ехаліся астатнія госці, дзяўчынкі-валанцёры стаялі заплаканыя з-за развітання і засталася шэрая зімовая Ліда. Адныя кажуць, што пасля такой сустрэчы жыць будзе лепей, другія, што ўжо жывем, трэція, чацвёртыя… Кожны на свой лад. Важна, каб усе тыя, хто так шмат у гэтыя дні праводзіў паралеляў паміж фізічнымі і духоўнымі трэніроўкамі, працягвалі свае трэніроўкі. Бо месца на спаборніцтве бачнае і неаспрэчнае, а вось духоўныя дасягенні не паддаюцца такім катэгорыям. Іх чуе толькі сэрца, якое пакорна і няўмольна патрабуе ад святароў “sitius, altius, fortius!”.
Арцём Ткачук