Skip to main content

Футбольны еўрачэмпіянат сярод святароў: дзень першы

Сённяшні дзень быў неверагодна напружаны. Шмат падзеяў, гасцей, прамоваў, вітанняў і зычэнняў. Чэмпіянат увайшоў у сваю актыўную фазу. Як выглядаюць эмоцыі святароў на футбольнай пляцоўцы, чаму чэмпіянат адбываецца ў Лідзе і як заўзеюць Лідчане за сваіх ксяндзоў. Шукаючы адказу на гэтыя пытанні (і не толькі) я правёў першы дзень на спаборніцтвах па футболе сярод святароў Еўропы.

Святая Эўхарыстыя распачала дзень чэмпіянату. На спаборніцтва прыехала 13 каманд, агулам 170 святароў. Гэта, напэўна, абсалютны максімум канцэнтрацыі ксяндзоў падчас адной службы ў Лідскай Фары. Сталыя часткі св. Імшы на лаціне, чытанне Евангелля на розных еўрапейскіх мовах, казанне з перакладам адначасова на нямецкую і ангельскую мовы надалі ахвяры штосці незвычайнае.

Пасля літургіі ўсе пайшлі на прэсавую канферэнцыю ў Лідскі Райвыканкам. За ноч даехала рэшта камандаў, госці асвоіліся і гэта было бачна. Шмат здымкаў, больш моваў навокал, хтосьці дзесьці нешта згубіў ці забыў і іншыя дробязі застаўлялі валанцёраў павялічваць хуткасць перамяшчэння да свайго максімума.

Дарэчы, валанцёры. Моладзь фарнага касцёла горада Ліда вельмі прыгожая і проста класная. Каб дапамагчы арганізатарам, ахвотны атрымоўваў афіцыйнае звальненне з заняткаў. Дзяўчаты і хлопцы не скрывалі свайго захаплення. Усё-такі замена школы на ролю “прыліпалы” да адной з каманд вельмі нават выгадная. Думаю ўсе са мной згодзяцца.

Прэсавая канферэнцыя. Капітаны каманд распавялі некалькі словаў кожны пра сваю краіну і сваю футбольную каманду. Было сапраўды цікава, хоць гэта не перашкодзіла некаторым святарам падчас падзеі трошкі “прыснуць”. Аднак падаецца, што гэта было выклікана хутчэй няведаннем ангельскай ці нямецкай мовы, чым нецікавасцю да аповедаў.

Пасля прэс-канферэнцыі ўсе селі ў жоўтыя мазы-гармонікі, якія павязлі ўдзельнікаў на афіцыйную цырымонію адкрыцця. Па дарозе да аўтобусаў, журналісты “разбіралі” прадстаўнікоў найбольш еўрапейскіх еўрапейцаў, каб задаць некалькі пытанняў. Зразумела, святары не адмаўлялі. Кс. Біскуп Аляксандр таксама выкарыстоўваў час, каб пагаманіць з патрэбнымі людзьмі і абмеркаваць нейкія пытанні.

Спарткомлекс Алімпія, дар Дажынак для Ліды. Адмыслоўцы кажуць, што арэна насамрэч адпавядае патрэбным еўрапейскім стандартам і лепшай у гродзенскай вобласці няма. Побач лядовы палац. Менавіта з-за кампактнасці Ліду і выбралі месцам правядзення гэтага еўрачэмпіянату. Гатэль таксама знаходзіцца непадалёк. А таму ўсё, як кажуць, пад бокам.

У Алімпіі панавалі апошнія падрыхтоўчыя моманты перад адкрыццём. Бегалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах з караваямі на рушніках, арганізатары кіравалі хто і калі мусіць выйсці.

Пад гучны марш, каманды адна за адной выходзілі на цырымонію. Выглядала ўсё як на алімпійскіх гульнях. Можа і лепей. Далей усё па парадку: адспявалі гімн Беларусі, паслухалі словы прывітання дзяржаўнай і касцельнай улады і, натуральна, сустрэлі гасцей хлебам-соллю. Было прыемна бачыць, як славянскія каманды адразу ўзяліся хлеб цалаваць. Іншыя так не рабілі.

Валанцёры атрымалі строгі наказ сабраць пасля ўрачыстасці рушнікі ад каманд. Не тое каб мы былі негасцінныя ці скупыя, толькі казённае ёсць казённае.

Напрыканцы адкрыцця не абышлося без песні “белая, белая русь”. Усе кляскалі, нехта падпяваў і да гульняў заставаліся лічаныя хвіліны.

Гульні. У цэлым усё было сур’ёзна. Сапраўдныя прафесіянальныя суддзі, заўзятары, мячыкі і формы. Гульні беларускай зборнай збіралі поўную залу, падчас жа рэшты матчаў фанаў было заўважна меней. Усё было як у сапраўдным футболе.

Гульняў было шмат. Распавядаць пра кожную не бяруся, бо, шчыра кажучы, футболам асаблівым чынам не цікаўлюся. Было шмат эмоцый, часам нават сутычкі. Памятаецца, як падчас матчу Беларусь-Харватыя, адзін з беларускіх святароў акуратна такі заехаў па нагах харвату. Малады ксёндз не вытрымаў і нават акуратна такі піхануў нашага. Што ж, бывае ва ўсіх. Гэта надавала натуральнасць, эмацыйнасць і простую людскасць гульні.

На трыбунах было шмат святароў. Заўзелі за сваіх. Пры гэтым заўзелі па-поўнай праграме. Толькі ўбачыўшы мяне трошкі спакайнелі і ўжо не так моцна махалі рукамі. Святарская салідарнасць? Мне гэта падалося несумненным.

Кс. Віталь Сідорка, адказны за выхаванне клерыкаў у гродзенскай семінарыі.

Святкаванне гола беларускай камандай. Каб я ўмеў рабіць прафесійныя здымкі, дык можна было б злапаць некалькі кадраў не горшых за лігачэмпіёнскія.

А вось што адбывалася ў лядовым палацы, дзе праходзілі гульні групаў А і В. Тут беларусы не гулялі, таму заўзятараў не было таксама.

Зборныя гулялі амаль у поўнай цішыні, толькі каманда Польшчы збірала трошкі мясцовых палякаў, якія заўзелі па-поўнай.

Гол! Палякі, як кажуць, “давалі прыкурыць” сваім супернікам. Каманда прыехала вельмі падрыхтаванай і сабранай.

Пан Ян. Шмат гадоў прапрацаваў закрыстыянінам у Лідскай Фары. Павага, якой адорвалі яго святары, была заўсёды заўважная і непараўнальная з іншымі супрацоўнікамі. Чалавек большасць свайго жыцця пражыў у краіне ваюючага атэізму. Сёння ён ціхенька сядзеў на трыбуне і глядзеў на святароў, якія гралі ў футбол. Пытаюся: “Як вам футбол?”. Адказвае: “А вось сяджу сабе, гляджу. Нічога не разумею ў гэтым футболе. Трэба ісці дахаты”. Неверагодныя змены.

У прынцыпе больш нічога цікавага. Скончыліся групавыя гульні, адбыліся стыкавыя. Беларусы выйшлі ў чвэрцьфінал. Пасля яшчэ вячэра і пасля адпачынак. У сераду ўсе едуць на экскурсію ў стандартны Мір і Несвіж.

Арцём Ткачук