Skip to main content

Абп Тадэвуш Кандрусевіч: На стадыёне таксама павінен прысутнічаць Бог

foto 063На еўрапейскім Чэмпіянаце па міні-футболу сярод святароў першы раз будзе прысутнічаць кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх плануе быць з гасцямі-ўдзельнікамі на працягу ўсяго спартыўнага спаборніцтва. Пра тое, якое месца ў жыцці святара павінен займаць спорт і які плён павінен прынесці чэмпіянат, кс. арцыбіскуп у некалькіх словах распавёў для grodnensis.by.

 

Якое месца павінен займаць спорт у жыцці святара?

foto 069Святар павінен быць падрыхтаваны да свайго служэння не толькі духоўна, але і фізічна, таму што прапаведванне Евангелля патрабуе шмат фізічных сілаў. Ва ўмовах Беларусі, калі многія святары нясуць служэнне у некалькіх месцах – гэта тым больш важна. Для выканання нават паўсядзённых святарскіх абавязкаў, напрыклад слухання споведзі (у вялікіх парафіяльных супольнасцях, рэд.) патрабуе пэўнай фізічнай вытрымкі і здароўя. Знаходзячыся ў супольнасці вернікаў святар павінен вучыцца салідарнасці, ўзаемадапамогі – у чым між іншым можа дапамагчы і футбол. Кожная спартыўная гульня мае свае правілы, якія неабходна захоўваць і без якіх немагчыма сумленна дасягнуць пажаданых рэзультатаў, таму футбол таксама вучыць жыць па правілах. Асноўным заданнем святара з’яўляецца прапаведванне Евангелля ў кожным месцы і асяроддзі. Адным з такіх асяроддзяў з’яўляюцца стадыёны. Там таксама павінен быць Бог. foto 073Праз футбол можна прывесці да Хрыста вялікую колькасць людзей, таму што гэты від спорту, найбольш папулярны. Нажаль у футболе існуюць некаторыя адмоўныя з’явы, калі напрыклад гульні праходзяць без заўзятараў, таму што яны неадпаведна сябе паводзяць. Дзякуючы прапаведванню Хрыста ў спартыўным асяроддзі людзі павінны вучыцца ўзаемна шанаваць адзін аднаго, а таксама ўмець прымаць паразу. Са спортам і духоўным жыццём існуе шмат  паралеляў, аднак перш за ўсё гэтыя сферы аб'ядноўвае моцнае імкненне да дасканаласці, быцця загартаваным. Спорт дапамагае не толькі ў фізічнай, але і духоўнай фармацыі выпрацоўваючы мужнасць, вытрымку і самаахвярнасць.

 

DSC07175Якіх пладоў вы чакаеце ад гэтага мерапрыемства?

Каталіцкі Касцёл з дапамогай дзяржаўных уладаў здольны арганізаваць  мерапрыемствы таго фармату і гэта сведчанне таго, што нашая супольнасць жыве і актыўна дзейнічае ў грамадстве. Дзякуючы Чэмпіянату, кожны святар, які прыехаў з-за мяжы, будзе расказваць пра Беларусь у сваёй краіне ў сваёй парафіяльнай супольнасці. Такога роду мерапрыемствы папулярызуюць нашую краіну, падкрэсліваюць важнасць спорту ў грамадстве і спрыяюць фізічнаму і духоўнаму. З праграмы Чэмпіянату мы ведаем, што кожны дзень гульні будуць спалучацца з супольнай малітвай ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Прадугледжваецца арганізацыя насычанай культурнай праграмы, дзякуючы якой удзельнікі спаборніцтваў пазнаюць лепш гісторыю Беларусі і яе традыцыі.

Некаторыя плады гэтага мерапрыемства ўжо бачныя на самой стадыі падрыхтоўкі. Адгукнулася шмат спонсараў, якія выразілі жаданне дапамагчы нам і за гэта ім вялікае дзякуй! Словы ўдзячнасці за дапамогу і супрацоўніцтва ў арганізацыі кірую да міністэрства Спорту і Турызму, а таксама дзяржаўных уладаў г. Ліды. Дзякуючы іх падтрымцы, Чэмпіянат па міні-футболу павінен прайсці на адпаведным узроўні.

foto 034