Skip to main content

VІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

VІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сённяшняе Евангелле вельмі доўгае, падчас якога мы аж 6 разоў чуем словы Хрыста: “Я кажу вам”. Езус усім Сваім аўтарытэтам паказаве нам, што мы павінны слухаць Яго, а не медыя, не тое, што кажуць і як чыняць сённяшнія зоркі, палітыкі, ці нашыя сябры і г. д. Тое, што кажа Бог, – павінна быць крытэрыем нашых паводзінаў і нашых учынкаў.

Няхай кожны з нас запытае сябе падчас рахунку сумлення ў сэрцы: “Хто з’яўляецца сапраўдным аўтарытэтам у маім жыцці, і каго я слухаю?” - бо ад гэтага залежыць маё вечнае жыццё, якое дараваў мне Бог. Я слухаю таго, каго люблю, і як кажа Святы Павел у Другім пасланні да Карынцянаў, у сённяшнім другім чытанні: ”Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго”. Што ж такое важнае Езус кажа нам, “калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 20)? Сумленнасць фарысеяў абапіралася на тое, што яны выконвалі наказ Права. А Хрыстос дае нам Права Любові, Любові Бога і чалавека. Святы Бернард дапамагае нам зразумець навуку Хрыста і так тлумачыць гэтыя словы Езуса: “Не той добры, хто не стараецца стаць лепшым”. Кожны чалавек хоча кахаць і быць каханым, і за гэтым сумуе нашае сэрца. Толькі ў Богу, дзякуючы Яму, і з Ім мы знойдзем сапраўдную любоў і зможам любіць іншых, як сябе самога (як кажа запаведзь любові).

 

Давайце ж паглядзім на словы, якія мы кажам нашым блізкім. Хрыстос гаворыць: “Кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд, … хто ж скажа брату свайму “неразумны” - падлягае вогненнай геене” (Мц 5, 22). Варта задумацца аб тым, як мы размаўляем і якія словы кіруем да тых, хто побач нас. Няхай нашая мова будзе толькі той, якая будуе любоў і супакой, нясе суцяшенне і падтрымку, але адначасова і той, якая заўсёды кажа Праўду.