VІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
“Калі захочаш, то захаваеш запаведзі і застанешся верным Яго ўпадабанню” (Сір 15, 15), - менавіта гэтымі словамі хацеў бы распачаць сённяшняе нашае разважанне ў шостую звычайную нядзелю.
Дарагія чытачы нашага Каталіцкага парталу, часта можна пачуць ад людзей меркаванні аб вялікай цяжкасці ў захаванні Божых Наказаў. Многія веруючыя хацелі б іх змяніць ці ўвогуле знесці, каб не мець клопатаў з сумленнем, і апраўдаць многія свае ўчынкі, – аднак, гэта немагчыма зрабіць. Бог кожнаму з нас у сэрцы запісаў свае Наказы, і праз голас сумлення напамінае аб Сваёй вялікай любові і аб тым, што мы праз свой учынак абразілі, “растапталі” Яго любоў, учыніўшы грэх.
Кс. Станіслаў Алейнік піша: “Грэх мае выразны характар пагрэбавання, непаслухмянасці ў аднясенні да Бога. Пагрэбаванне Богам, а нават, адкідванне Яго, выключэнне з уласнага жыцця і стаўленне ўласнага “я” на мейсца Бога. Грэх з’яўляецца непаслухмянасцю чалавека, які не прызнае – актам сваёй волі – пашаны да Бога ў сваім жыцці, ці ў канкрэтным моманце, калі парушае Яго наказ” (пар. Маральная тэалогія, т. 3, кс. Станіслаў Алейнік, Варшава, 1988, ст. 215).
Паважаныя, Бог кожнаму з нас даў у сваёй любові права выбару: “Ён паставіў перад табою агонь і ваду, а ты працягні руку сваю да таго, чаго захочаш. Перад чалавекам - жыццё і смерць, і што спадабаецца, будзе дадзена яму. Ён нікому не загадваў быць бязбожным і не даваў дазволу грашыць” (Сір 15, 16-17, 20). Грэх - гэта выбар кожнага з нас у імя “свабоды і незалежнасці ад Бога”.
Хрыстос, прыйшоўшы на зямлю, прынёс праўдзівую свабоду. Яна вядзе не да смерці, але да жыцця. Ён кожнаму з нас праз сваё зямное жыццё і самаахвярнасць даў прыклад жыцця, паводле Наказаў. У сённяшнім Евангеллі Хрыстос звяртае ўвагу сваіх вучняў: “ Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць” (Мц 5, 17).
Езус сёння засяроджвае нашу ўвагу на пятую, шостую і восьмую запаведзі, менавіта, многія з нас вельмі часта кажуць, што не маюць грахоў супраць гэтых запаведзеў, бо “нікога не забіў, ні ў кога нічога не ўкраў, у судзе фальшыва не сведчыў – больш грахоў не памятаю…”. А пра шостую запаведзь і пра грахі супраць яе мы ўвогуле не памятаем альбо яшчэ лепш “а навошта ксяндзу аб іх ведаць”.
Але давайце ж аб кожнай з іх патроху і па парадку:
1. “Не забівай” (5 запаведзь). Многія з нас могуць сказаць, што мяне гэта не датычыць, бо я нікога не забіў і маю чыстае сумленне. Але ці на самой справе гэта так? Евангелле сённяшняга дня кажа аб адваротным: “Кожны хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму “Рака” (бязбожнік, пусты чалавек), падпадае пад Высокую Раду, а хто скажа “Неразумны”, падпадае пад вогненную гіену” (пар. Мц 5, 22). Хрыстос заклікае нас перагледзець нашыя суадносіны з іншымі людзьмі і запытацца ў сябе: “Ці кожнаму з іх я ў гэты момант магу паглядзець у вочы і шчыра сказаць: “я цябе кахаю Божай любоўю”, “ты мой брат і сястра ў Хрысце”? Як шмат з нас, на жаль, гэтага не змогуць зрабіць, бо ў сваім сэрцы носяць уразы, злосць, нянавісць да іншых. Найгоршае, што з гэтым “багажом” прымаюць Цела Хрыстова і лічаць, што ўсё добра…
2. “Не чужалож” (6 запаведзь). І зноў жа, як і ў першым выпадку: “няма ў мяне грахоў супраць гэтай запаведзі”, ці як ўжо ўзгадвалася: “а калі нават і ёсць грахі, то навошта іх узгадваць, бо неяк і брыдка, і сорамна, ды яшчэ і ксёндз не пахваліць…”. Езус засяроджвае нашую ўвагу не толькі на цялесную распуснасць, але ў нашых думках і жаданнях. Напэўна, многія згаджаюцца са мной, што, дзякуючы нашым думкам і жаданням, мы з Вамі, як у “машыне часу”, можам пераносіцца калі і куды захочам. Як некалі спяваў Алег Газманаў (песня “Эскадрон”):
“Эскадрон моих мыслей шальных
Не решеток ему, не преград
Удержать не могу я лихих скакунов
Пусть летят, пусть летят
Мои мысли, мои скакуны”.
І вось гэтыя “скакуны”, калі за імі не сачыць, могуць давесці кожнага з нас да парушэння Божага наказу. А мы з Вамі, дарагія, наражаныя на спакусы: праз тэлебачанне (тыя ці іншыя фільмы, тэлеперадачы), інтэрнэт (мяне проста шакавалі группы ўкантакце, аднакласніках, у якія ўступае моладзь, і нават дзеці), праз прэсу. Ад кожнага з нас, нашага дабравольнага акта волі залежыць, што мы выбіраем і на чый бок станем: Бога ці нашай распусты і нашых жаданняў.
3. “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае” (8 запаведзь). Езус сёння забараняе нам прысягаць і даваць клятву, - тое, што мы з Вамі вельмі часта робім, бяручы за сведка нават самога Бога. Нам, людзям , чамусьці ўласціва не стрымліваць дадзенага слова ці абяцання, і такіх прыкладаў мноства: “Я гэта зраблю зараз…; перазваню…; выпраўлюся…; абяцаю пражыць сваё жыццё з табою… Напэўна, многія з Вас чулі ці чыталі словы Івана Ахлабысціна: “Чаму людзі лічаць, што маюць права разбурыць жыццё іншых? Можа вы Богі, каб вырашаць, каму мучыцца, а каму - шчасліва жыць? Калі ўжо сказаў “Кахаю”, то кахай да апошняга ўздыха. Калі сказаў “Абяцаю”, то разбіся ў ляпёшку, але стрымай абяцанне. Калі вымавіў “Не адпушчу”, то зрабі ўсё, каб застацца. У супрацьлеглым выпадку, які сэнс жыць, калі кожнае вашае слова роўнае “нулю” і не мае значэння?” Напэўна, не аднаго мяне ў дзяцінстве вучылі народнай мудрасці: “Мужык сказаў - мужык зрабіў”. Запытайся ў сябе самога, які ты мужык.
Давайце ж, дарагія, будзем вернымі ў выкананні нашых абяцанняў і не будзем хавацца за пустымі і бессэнсоўнымі фразамі.
Кожны з нас павінен прыкладаць намаганні ў выкананні Волі Божай, бо, як кажа Апостал Павел, “чаго вока не бачыла і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” (1 Кар 2, 9), - і дадаючы падсумаванне з нашага сённяшняга нашага разважання – выконваць Яго волю.