11 лютага фасадныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла знялі з гродзенскага касцёла святога Францішка Ксаверыя для рэстаўрацыі.
Кс. Ян Кучынскі, пробашч фарнага касцёла, патлумачыў, што дубовым скульптурам ужо даўно неабходна была рэстаўрацыя. Рэстаўрацыйныя работы будуць праводзіць беларускія рэстаўратары, яны ж у мінулым годзе скончылі рэстаўрацыю бакавога алтара св. Міхала Арханёла, разам з польскімі калегамі. Як сказаў кс. Ян працы будуць складацца з некалькіх этапаў. Спачатку фігуры неабходна высушыць, ачысціць, умацаваць ветхія часткі, прымацаваць бракуючыя, прапітаць рознымі хімічнымі сродкамі, зноўку пафарбаваць. Стан скульптур яшчэ ацэньваецца, але вядома, што ногі знаходзяцца ў горшым стане.
Колькі часу працягнуцца рэстаўрацыйныя работы, сказаць цяжка: дрэва павінна добра прасушыцца пры вулічнай тэмпературы, а потым - у памяшканні. Пры аптымістычным раскладзе фігуры зоймуць сваё месца да лета.
Так як скульптуры не здымалі з фасада верагодна з часоў пабудовы храма, ёсць магчымасць дэталёва вывучыць мастацкія помнікі.
Пазней плануецца рэстаўрацыя постаці св. Францішка Ксаверыя, якая размешчана ў верхнім ярусе фасада святыні.
Выявы: Газета "Вячэрні Гродна", Радыё Свабода