Skip to main content

У Лідскім цэнтральным раённым шпіталі асвяцілі капліцу. Фотарэпартаж

11 лютага, у аўторак, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў капліцу ў Лідскім цэнтральным раённым шпіталі. У нашым фотарэпартажы паспрабуем Вам распавесці пра стойкасць лідскіх вернікаў, апісаць новы інтэр'ер шпітальнага Дома Божага, важнасць паштовак у жыцці беларускіх пенсіянераў.

 

Апошнія дні выдаліся зусім непрыемныя: снег падаў, таяў і тут жа змешваўся з балотам, сонца зусім не з'яўлялася з-за шэрых хмараў і шэрыя будні не давалі шмат повадаў да радасці. Адным такім днём мы выбраліся на пасвячэнне капліцы ў Лідскі Шпіталь. Прыемна здзівіла, што людзей прыйшло нечакана шмат.

Гродзенскага ардынарыя яшчэ не было. Міністранты, сабраўшыся гурбой, пра нешта гаманілі, ды й рэшта вернікаў таксама абмяркоўвала нейкія, на выгляд, важныя пытанні.

Скарыстаўшыся момантам, я "прасачыўся" ў новую капліцу. Усё проста, сціпла: невялічкі алтар, табэрнакулюм, амбона, крыж, фігура Маці Божай, новыя шклопакеты, крэслы і дзверы.

А гэта "алея фундатараў", рамкі з імёнамі тых, хто фундаваў стварэнне капліцы. Сярод іх як прадпрымальнікі, так і звыклыя людзі.

Кс. Юры Беганьскі - стваральнік капліцы. Пазней галоўны лекар шпіталя падкрэсліць, што кс. Юры 4 месяцы не пакладаючы рук займаўся падрыхтаваннем памяшкання пад капліцу.

Кс. Біскупа Аляксандра Кашкевіча хлебам-соллю сустракалі Г. Э. Эйсмант (галоўны лекар Лідскага цэнтральнага раённага шіталя) і А. В. Місевіч (лекар тэрапеўтычнага аддзялення).

Месца ўсім у капліцы не хапіла. Людзей было столькі, што і дзесяць такіх капліц не ўмясціла б столькі люду. Аднак усё было падрыхтавана. Звонку стаялі калонкі, кожны мог спакойна ўдзельнічаць у св. Імшы. Холадна не было, таму ніхто не разыходзіўся.

Пачалася св. Імша. Пасля кароткага ўступнага слова, кс. Біскуп асвяціў алтар, медыкі чыталі чытанні, спявалі псальмы, прыносілі ў дарах таблеткі і выглядалі асабліва ўрачыста. Бачна, што доўга рыхтаваліся.

Мясцовая ўлада. Другі ад вакна - В.Ф. Пранюк, намеснік старшыні Лідскага Райвыканкама.

Падчас набажэнства святары ўдзялілі сакрамант намашчэння хворых. З розных бакоў было чуваць галасы святароў: "здыміце пальчаткі" ці "здыміце шапку" (алеем намашчаецца лоб і далоні).

Невялікае замяшанне выклікалі паштоўкі са здымкамі капліцы, якія пачалі раздаваць маладзенькія міністранты. Бабулі і дзядулі актыўна прапіхваліся да хлопцаў у комжах, літаральна перахопвалі картку і імпэтам хавалі здабычу ў кішэні ці торбы. Некаторыя выконвалі некалькі такіх падыходаў, бо "суседка прасіла і ёй ўзяць".

Святая служба ішла сваім ходам, мясцовы гурт "Крэсовяцы" рэхам аддаваўся між суседніх дамоў, людзі стойка стаялі і не разыходзіліся і толькі сёй-той праходжы пытаўся, што тут адбываецца.

Напрыканцы св. Імшы выступіў ужо ўзгадваны мной спадар Пранюк. Чыноўнік звярнуў увагу на важнасць духоўнасці ў лячэнні хворых і падкрэсліў неабходнасць Бога для грамадства. Пазней выступіў праваслаўны святар а. Аляксей, які адзіны прамаўляў на беларускай мове. Кс. Антоні Грэмза зачытаў біскупскі дэкрэт аб стварэнні капліцы. У капліцы было неверагодна горача, таму падумалася, што людзям, якія стаялі звонку, не так ужо і дрэнна.

Божае благаслаўленне з рук кс. біскупа. Усе павольна пачынаюць разыходзіцца па дамах. Застанецца толькі адна капліца, якая будзе служыць духовым санаторыем у лідскім шпіталі.

Арцём Ткачук