Skip to main content

І мы маем або ўражанні ад біскупскіх пасвячэнняў

Аб сваіх уражаннях ад біскупскіх пасвячэнняў кс. Юзафа Станеўскага, якія адбыліся 1 лютага, распавядае наш шаноўны блогер Уладзімір Крупенка. Заахвочваем звярнуць Вашу ўвагу.

Нічога не прадказвала добрага дня. Збіраючыся на біскупскае пасвядчэнне, я ўжо адчуваў тую колькасць вернікаў, якія там будуць прысутныя, і той холад, які звычайна не спрыяе малітве. І не было ў мяне пачуцця ў стылі: “на якую вялікую падзею мне пашчасціла трапіць”, бо пашчасціла мне ўжо тры разы: быў я на біскупскіх пасведчаннях і ў Віцебску, і ў Мінску, і зараз у Гродне.

Усё распачалося каля дванадцатай гадзіны ў нашай катэдры. Не, а дванадцатай распачалася ўрачыстая частка, бо малітва вернікаў і працэсс займання лепшых мейсцаў распачаліся на гадзіну раней, прычым вельмі актыўна, што і без маленькіх боек не абыйшлося. Але прыпомніць, што мы ў касцёле, дапамагла рэпетыцыя спеву.

Літургія была прыгожай: хор, які сваім спевам сапраўды дапамагаў маліцца, мноства прыгожых і глыбокіх сімвалаў, якія суправаджаліся каментарыямі. Напрыклад, цікава было чуць, калі кс. Станіслаў Лабан звярнуўся да кансэкранта з просьбай удзяліць кс. Юзафу Станеўскаму біскупскае пасвячэнне прыкладна такімі словамі: “Матка Касцёл просіць аб новым біскупе”, а ў адказ чуе пытанне: “А дазвол папы ёсць?”, а затым быў прачытаны дакумент, намінацыйная була Святога Айца, пасля чаго мы ўславілі Бога словамі: “Дзякуем Пану Богу!” Гэта было неяк па-прастому, але глыбока.

Яшчэ пастарал, які сімвалізуе пастырскую ўладу і абавязак аховы свайго статка. Цікава ўявіць, як гэты атрыбут выглядаў у першых біскупаў, якіх ставілі апосталы. З святых дзеянняў бачна, што гэта былі простыя людзі, часамі сем’і, на якіх ускладаўся гэты абавязак. Ён нёс у сабе пашану, да той асобы, якая будзе кіраваць, але не вельмі вялікую. Галоўным быў абавязак. А пастарал, мне здаецца, быў адпаведны.

І прыйшла тады думка: І мы маем новага біскупа і адразу неяк радасна зрабілася. Але з іншага боку, праводзячы паралель з прыроднымі з'явамі: з’явіўся дождж, ён можа быць і добрым, і дрэнным, і ніякім. Усё залежыць ад часу, ці своечасова прыйшла гэта з’ява. Згодны?

Падчас св. Імшы часта казалі, пра абвяшчэнне Добрай Навіны, і гэтыя словы з першага чытання: “бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў(…)” паказваюць конкрэтную глыбіню адносін біскупа са сваёй дыяцэзіяй.

Зноў звярнуся да першых хрысціянаў, бо ў іх, гэты заклік не быў абстрактным, бо там былі сапраўныя раны, якіх нельга было не заўважыць. Цяпер таксама не шмат змянілася, толькі раны сталі больш незаўважнымі, але патрэба іх лячыць не адпала, ды і месцаў, дзе баліць робіцца ўсё больш і больш. Шмат новых слоў. Столькі я чуў толькі на лекцыі па паліталогіі. Вось, напрыклад, хто такі капелан і прэлат, і што дакладна значыць фармулёўка: “тытулярны біскуп Табайкарэйскі, з усімі біскупскімі паўнамоцтвамі і абавязкамі ў адпаведнасці з дзеючым правам,” я не ведаў і цяпер, па праўдзе кажучы, дакладна не ведаю. І не бачу вялікага сэнса спрабаваць гэта тлумачыць.

Тут справа ў іншым. Трэба неяк пасябраваць з тымі, хто пастаўлены адказным за нас. Можа і глупства, але, калі чалавек адчувае, што яго любяць, яму цяжэй стаць дрэнным.

На прыканцы св. Імшы, было не так і холадна, як здавалася на пачатку, і меў цяпер нейкае дзіўнае пачуццё, якое наведвала мяне на ўсіх гэтых незвычайных падзеях. Пачуццё таго, што гэтыя ўрачыстыя літургіі хоць і адбываліся на працягу трох тыдняў, але былі нечым адным, нечым, што датычыць не толькі святароў і біскупаў, але ўвесь Касцёл Хрыстовы Беларусі .

Уладзімір Крупенка