V Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
У сённяшнім Евангеллі Езус кажа нам, што мы - святло свету. Яно [святло] дае нам цяпло і апраменьвае ўсё навокал. У іншым месцы Хрыстос называе Сябе Святлом свету: “Хто ідзе за мной - не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець вечнае жыццё”.
Падчас хросту, калі нашыя хросныя запальвалі свечку, ксёндз казаў: “Прыміце святло Хрыста!” І таму ў кожным з нас з’яўляецца святлом.
Як прыемна глядзець, калі ззяе снег на сонцы, непаўторна блішчыць на сонцы раса… Як цудоўна ў лесе бачыць промні сонца, якія прабіраюцца праз дрэвы! Так сонца па-рознаму свеціць: з раніцы, у поўдзень, увечары… Ёсць святло, якое асляпляе, а ёсць - якое дарыць супакой, прыемнае для вачэй. Вось такое яно рознае. І ўсе мы таксама розныя і непаўторныя, маем святло ў сэрцы кожнага з нас, але гэтае нам патрэбна, калі мы будзем ім дзяліцца з іншымі. Вельмі важна памятаць аб гэтым.
Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі кажа, калі будзем дапамагаць адзін аднаму, то нашае святло стане як зара, і мы будзем здаровымі… будзем прасіць Пана, і Ён нам адкажа: “Вось, Я тут” (Іс 58,7-9)! Гэта сапраўды так, калі мы падзелімся святлом, якім Езус нас адорвае, то мы пачуем Яго прысутнасць у нашым жыцці і будзем шчаслівымі ад таго, што праз нашыя добрыя ўчынкі праслаўляем Яго, а іншыя людзі – праз нас. Ці ж гэта не цудоўна?!
Будзем прасіць Духа Святога, каб дапамагаў нам не зыбываць, што мы - святло свету, і можам рабіць свет лепшым; абнаўляць Божае святло ў тых людзях, якія пагубіліся і ходзяць у цемры, каб яны нанава адкрылі Божую любоў і ласку, якою адарыў іх Хрыстос.