24-28 лютага 2014 года г. Ліда прыме VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Kс. Павел Салабуда, капітан каманды зборнай Беларусі і галоўны арганізатар спартыўнага мерапрыемства, распавёў grodnensis.by пра падрыхтоўку да Чэмпіянату. Вашай увазе прапануем тэкст гэтай размовы.
На якім этапе падрыхтоўкі Вы ўжо знаходзіцеся?
На сённяшні дзень (04.02) найважнейшай праблемай застаецца справа з візамі. Мы спадзяёмся, што ўдзельнікі Чэмпіянату атрымаюць візы, і яны будуць бясплатнымі. Ёсць яшчэ пытанні адносна арганізацыі побыту, але, як вядома, гэты год у нашай краіне з’яўляецца Годам гасціннасці, а таму з боку дзяржаўных улад, на маю думку, таксама будзе зроблена ўсё магчымае, каб святары-футбалісты маглі і пагуляць у футбол, і пазнаёміцца з нашай краінай і людзьмі. Каб яны адчувалі сябе ў нас добра.
З якімі найбольш складанымі арганізацыйнымі пытаннямі Вы сустрэліся?
У першую чаргу, было складана адшукаць дзве адпаведныя спартыўныя залы. Гэта, як аказалася, вельмі складаная задача для ўсёй нашай краіны. У Лідзе размяшчаецца цудоўны спартыўны комплекс “Алімпія” – сучасны, зручны, адпавядаючы ўмовам правядзення Чэмпіянату. Другая ж спартыўная пляцоўка будзе ў Лядовым палацы. І тут хочацца падзякаваць Міністэрству спорту і турызму Беларусі, якое ўзяло на свае плечы справу па дастаўцы ў Ліду спецыяльнага пакрыцця для залы ў Лядовым палацы. Такім чынам, упершыню дзве спартыўныя арэны будуць знаходзіцца вельмі блізка адна ад адной і будуць падрыхтаваны на высокім узроўні.
Ці гатова ўжо праграма ўсіх духоўна-спартыўных момантаў Чэмпіянату?
Яшчэ не, але я спадзяюся, што пасля 10-га лютага з’явіцца канчатковая версія плану Чэмпіянату. На дадзены момант я магу дакладна сказаць, што вечарам 24 лютага, у панядзелак, адбудзецца ўрачыстая св. Імша ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Ліда-Фара), у наступны дзень адбудуцца прэс-канферэнцыя і цырымонія адкрыцця, якія пройдуць у спарткомплексе “Алімпія”, а затым пачнуцца гульні ў дзвюх групах. Нашы святары будуць гуляць у “Алімпіі”.
Наколькі адчуваецца дапамога свецкіх улад у арганізацыі?
Дапамога вялікая і вельмі сур’ёзная. Перш за ўсё, Міністэрства спорту і турызму ўзяло на сябе адказнасць за мноства спраў, хаця б такіх, як пакрыццё падлогі для другой залы, арганізацыя судзейства і г.д. Вельмі шмат нам дапамагаюць улады Ліды, якія поўнасцю ўключаюцца ў нашу супольную справу. Мэр Ліды спадар Астроўскі – вельмі адкрыты і добры чалавек, які робіць усё, каб удзельнікі Чэмпіянату – а гэта прадстаўнікі 13 дзяржаў – адчулі сябе тут як дома і ўбачылі нашу адкрытасць і дабрыню. Я таксама хацеў бы падзякаваць усім тым, хто дапамагае нам фінансава. Ёсць некалькі добрых людзей і арганізацый, якія аказваюць нам дапамогу.
Якім чынам і наколькі вырашана пытанне з пражываннем гасцей?
Так цудоўна склалася, што Ліда – вельмі кампактны горад. Касцёл, атэль і рэстаран знаходзяцца побач. Спартыўныя залы таксама будуць вельмі блізка. Калі ўсё ўдасца, то ўдзельнікі будуць жыць у адным атэлі.
Хто з іерархаў плануе наведаць Чэмпіянат?
Я спадзяюся, што кожны з нашых біскупаў па меры сваіх магчымасцей знойдзе час, каб наведаць Чэмпіянат, пабалець і памаліцца разам з удзельнікамі. Тым больш, што гэты Чэмпіянат праходзіць пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Якая культурная праграма плануецца для гасцей і ўдзельнікаў Чэмпіянату?
У сераду запланаваны выезд у Нясвіж, дзе адбудзецца св. Імша і экскурсія па палацу Радзівілаў, а на зваротным шляху мы ўбачым Мірскі замак. Вечарам запланавана знаёмства гасцей з беларускай традыцыяй, таму мы рыхтуем спецыяльную культурную праграму для іх. У чацвер з раніцы – экскурсія па Лідзе, а пасля абеду пройдуць гульні за прызавыя месцы і фінал. Цырымонія ўзнагароджання і закрыцця Чэмпіянату запланавана на 18.00. Фінальныя гульні пройдуць у “Алімпіі”, таму ўсіх сардэчна запрашаем.
А што наконт валанцёрскай дапамогі? Ці ёсць у ёй патрэба?
Так, нам патрэбны валанцёры. Мы спадзяёмся, што ў Лідзе знойдзецца шмат маладых людзей, якія нам дапамогуць. Было б вельмі добра, калі б валанцёры валодалі англійскай мовай. З валанцёрамі нам дапамагае кс. Уладзімір Гуляй, а таксама мы разлічваем на дапамогу іншых душпастараў з Ліды.
Колькі на дадзены момант акрэдытавана журналістаў для інфармацыйнага асвячэння гэтай падзеі?
Акрэдытацыя толькі распачалася, таму пакуль што каля дзесяці. Заахвочваю таксама нашыя СМІ больш актыўна рэкламаваць Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў. Паверце мне: гэта будзе вельмі цікавы праект, а таксама вопыт для нашай дзяржавы і ўсіх нас.
Якое месца можа заняць каманда нашых святароў?
Скажу, што ў першую чаргу нам не хацелася б выступіць горш, чым год таму. А ў мінулым годзе ў Славеніі мы былі восьмыя. На сваёй зямлі нам, канешне ж, хацелася б лепш выступіць, таму мы прыкладзём усе намаганні, каб зрабіць гэта. Гэты год для Беларусі вельмі багаты на розныя спартыўныя падзеі. Удзел беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях у Сочы, Чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску, а ў дадатак і наш Чэмпіянат. І нават нягледзячы на тое, што там выступаюць прафесійныя спартсмены, а мы – толькі аматары, мы спадзяёмся выступіць не горш, чым нашыя алімпійцы ў Сочы і хакеісты ў Мінску.
Якія словы Вы б хацелі скіраваць тым, хто плануе прысутнічаць на Чэмпіянаце?
У першую чаргу, я хачу ўсіх запрасіць. Варта туды прыйсці, бо гэта вельмі цікавая і нештодзённая падзея. Я ўпэўнены, што многія балельшчыкі будуць здзіўлены высокім узроўнем гульні святароў. Гэта будзе не толькі свята футбола, але таксама свята веры на нашай зямлі. Гэта падзея высокага ўзроўню, бо на ёй збярэцца каля 200 святароў у адным месцы, у адным горадзе.
Запрашаем усіх жыхароў Ліды, а таксама гасцей горада, каб святары з іншых краін таксама маглі ўбачыць, тую вялікую дабрыню, якая блішчыць у вачах нашых людзей.
Дзякуй вялікі за размову.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын