З 3 па 8 лютага на тэрыторыі Варшаўскай акадэміі фізічнай культуры адбываецца ХХІІІ Міжнародны турнір па футболе для дзяцей і моладзі з Польшы, Літвы, Беларусі і Украіны. Узроставая катэгорыя ўдзельнікаў з 1997 па 2004 гг. Каманда з парафіі Гродна-Аўгустовак удзельнічае ў турніры ўжо не першы год.
Мэтай мерапрыемства з'яўляецца выхаванне дзяцей праз фізічную культуру і спорт; інтэграцыя з парафіяй, якую яны прадстаўляюць; навучанне культуры на полі і трыбунах; арганізацыя вольнага часу падчас канікул.
У гэтым годзе дзеці і моладзь разам са сваім душпастырам кс. Артурам Малафеем, а таксама трэнерам – Аляксандрам Хусарам прадстаўлялі парафію ў дзвюх узроставых катэгорыях (1997, 1998).
Парафія Гродна-Аўгустовак заняла 1-е месца з 10 каманд ва ўзроставай катэгорыі 1998 г., а ў катэгорыі 1997 г. – 6-е месца з 12 каманд.
Андрэй Снігіра з гродзенскай парафіі атрымаў узнагароду “FAIR PLAY”.
Найлепшым варатаром турніру быў прызнаны Аляксей Бялоў з гэтай жа парафіі.
На заканчэнне турніру кожны атрымаў падарунак ад арганізатараў.
кс. Артур Малафей
Фота Станіслава Занеўскага