Skip to main content

У Гродне адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў

Дзень засяроджання з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця адбыўся ў Гродне 3 лютага.

На пачатку духоўнай сустрэчы ў пабрыгіцкім касцёле з прывітальным словам да кансэкраваных асобаў звярнуўся Аляксандр Кашкевіч: “Кансэкраваныя асобы – вялікі дар для Касцёла і ўсяго свету.” На пачатку сустрэчы кансэкраваныя асобы выслухалі канферэнцыю а. Вальдэмара Слоты CSsR на тэму законнага жыцця. “Мы пакліканы нагадаць свету, што сапраўдным вымярэннем жыцця з’яўляецца вечнасць, - адзначыў святар. – Сучасны чалавек часта забывае пра гэта. Нам трэба быць зачынам асвячэння, чэрпаючы натхненне ў Евангеллі, малітве, як нашы заснавальнікі”.

Пазней адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, а таксама ўсе ахвотныя маглі прыступіць да сакраманту паяднання.

Пасля благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам кансэкраваныя асобы накіраваліся ў гродзенскую катэдру, дзе адбылася св. Імша пад кіраўніцтам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча.

“Дзякуючы малітвам і служэнню законных сясцёр, братоў і айцоў развіваецца духоўнае жыццё ў нашай дыяцэзіі і ва ўсім Паўсюдным Касцёле”, - сказаў біскуп і заахвоціў кансэкраваных асобаў не шкадаваць часу на малітву: “Малітва – гэта вялікая праца, вельмі патрэбная. Дзякуючы малітве Касцёл, які ў свеце пераследуецца, тым не менш развіваецца, абвяшчае Евангелле”.

Паводле Catholic.By

Фота можна праглядзець тут