Skip to main content

Ва ўспамін св. Яна Боско біскуп Алег Буткевіч наведаў Смаргонь

31 студзеня салезіянская сям’я ўсяго свету адзначала ўспамін Святога Яна Боско, заснавальніка таварыства Святога Францішка Сальскага. Моладзь з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні ладзіла святочнае прадстаўленне.

На ўрачыстасць быў запрошаны кс. біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. У сваёй прамове біскуп засяродзіў увагу парафіян на выхаванні дзяцей у сям’і і важнасць гэтай акалічнасці менавіта ў сучасным свеце. Гэтаму і прысвяціў усё сваё жыццё Святы Ян Боско, які не толькі даў дах над галавой тысячам хлопцаў, але і з’яўляўся для кожнага сапраўдным айцом і настаўнікам, ведаў іх, іх праблемы, клопаты, радасці, быў заўсёды з імі, быў прыкладам. Біскуп таксама звярнуў увагу бацькоў і дзяцей на абавязкі, любоў, узаемную павагу адзін да аднаго. Ён заклікаў бацькоў паглядзець на прыклад Святога Яна Боско, яго падыход да дзяцей і моладзі. А якая мая сям’я? Гэтае пытанне было пакінута для разважання кожнага з прысутных.

Пасля ўрачыстай св. Імшы ўсе прысутныя парафіяне, святары і біскуп былі запрошаны ў Араторый-моладзевы цэнтр на Дон Боско-Шоў. Сустрэў гасцей “італьянскі рэжысёр” разам з сваім асістэнтам, якія прыехалі здымаць кіно пра салезіянскую сям’ю ў Смаргоні. А здымаць сапраўды было што. Крэатыўныя аніматары і кандыдаты з танцамі, радасныя салезіяне-супрацоўнікі з частушкамі, непаўторныя міністранты, поўныя даверу і шчырасці дзеці, артыстычныя ксяндзы-салезіяне і сёстры-салезіянкі – усе маглі праявіць свае таленты і творча паказаць іншым, якая яна, салезіянская сям’я ў Смаргоні.

У канца праграмы біскуп сказаў: “Хто лічыць, што хрысціянства – гэта нешта сумнае, той вельмі моцна памыляецца, і Святы Ян Боско – адзін з першых, хто гэта аправяргае.”

“Будзьце заўсёды радаснымі, д’ябал баіцца радасных,” – Дон Боско заўсёды паўтараў гэтыя словы дзецям і моладзі. Наследуючы яго наказ і прыклад святога жыцця, з упэўненнасцю можна сказаь, што святасць магчыма.

Вераніка Ермак