1 лютага ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылося біскупскае пасвячэнне кс. Юзафа Станеўскага, прызначанага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Галоўным пасвячаючым быў Аляксандр Кашкевіч ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, асістуючымі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Біскупскае пасвячэнне адбылося падчас св. Імшы ў 12.00.
“Намінацыя дапаможнага біскупа з’яўляецца важнай падзеяй для ўсяго Каталіцкага Касцёла і Касцёла на Гродзеншчыне і ўсёй Беларусі, – сказаў, звяртаючыся да ўсіх прысутных біскуп Аляксандр Кашкевіч, – Гэта знак, што наш Касцёл становіцца больш сталым, што адкрываюцца перад ім новыя гарызонты і новыя заданні.” Гродзенскі ардынарый заклікаў прысутных падтрымаць біскупа-намінанта малітвамі.
Абрад пасвячэння пачаўся пасля прачытання Евангелля, калі пасля гімну да Святога Духа прадстаўнік прэзбітэрыя Гродзенскай дыяцэзіі кс. Станіслаў Лабан звярнуўся да кансэкранта з просьбай удзяліць кс. Юзафу Станеўскаму біскупскае пасвячэнне.
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прачытаў намінацыйную булу Святога Айца Францішка. “Вялебны брат, Аляксандр Кашкевіч, які годна кіруе гродзенскім Касцёлам лацінскага абраду, з прычыны шматлікіх мерапрыемстваў і праектаў пастырскай дзейнасці, хацеў мець дапаможнага біскупа, а менавіта памочніка ў ажыццяўленні паслугі навучання, асвячэння і кіравання. Таму мы, пастаўленыя на катэдры св. Пятра, лічым, што прсьба гэтага кіраўніка павінна быць выслухана, - гаворыцца ў буле. - Таксама і Ты, дарагі сын, сын і святар узгаданай дыяцэзіі, які таксама аддана служыў у справе пакліканняў, дэманструючы неабходны розум і дар сэрца, і разуменне становішча спраў мясцовага Касцёла, цалкам адпавядай выкананню гэтай паслугі. Такім чынам, нашай найвышэйшай Апостальскай уладай, мы прызначаем цябе дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, а таксама абвяшчаем тытулярным біскупам Табайкарэйскім, з усімі біскупскімі паўнамоцтвамі і абавязкамі, а таксама рознымі пашанамі ў адпаведнасці з дзеючым правам.”
Пасля прачытання дакумента, які пацвярджае прызначэнне, уся сабраная супольнасць адказала: “Дзякуем Пану Богу.”
У гаміліі Яго Эксцэленцыя Аляксандр Кашкевіч нагадаў, між іншым, пра важнасць гістарычнай падзеі для горада, для Гродзенскай дыяцэзіі і для ўсяго каталіцкага Касцёла ў Беларусі. “Новапасвечаны біскуп далучыцца да кола наступнікаў Апосталаў, якія – узмоцненыя Святым Духам і асвечаныя Яго святлом – з’яўляюцца абвеснікамі Добрай Навіны, пастырамі вернага люду, сведкамі Уваскрослага Пана,” – сказаў іерарх.
Гаворачы пра прызначэнне Папам Францішкам для Касцёла на Гродзеншчыне новага біскупа, архіпастыр заўважыў: “Святы Айцец, намінуючы біскупа Юзафа, сына Гродзенскай зямлі, прагне даць нашаму мясцоваму Касцёлу добрага пастыра, які ведае сваю аўчарню, яе клопаты і патрэбы, ведае, чым яна жыве, чаго прагне і чакае.”
Кажучы пра біскупскую паслугу, архіпастыр сказаў: “Паслуга біскупа ў святле веры – гэта штосьці большае, чым толькі кіраванне. (…)Паслуга біскупа з’яўляецца ўдзелам у пастырскай місіі Езуса Хрыста, адпраўляецца ад Яго імя, яснее Яго бляскам і фарміруецца паводле Яго прыкладу. Таму мы верым, што сам Хрыстос як Добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу.”
Іерарх звярнуў ўвагу на асаблівасці абвяшчэння біскупам Евангелля: “Слова, якое ён перадае, ужо не з’яўляецца словам прыватнай асобы, гэта ўжо слова пастыра, які ўзмацняе братоў у веры і вядзе іх за сабой да Хрыста.” Тут жа нагадаў аб неабходнасці і важнасці асабістага сведчання любові да Збаўцы. Нагадваючы, што дэвізам сваёй пастырскай паслугі біскуп Юзаф абраў загаловак апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, біскуп Аляксандр адзначыў: “Сённяшні свет, настолькі скажоны грахом, роспаччу, бяздушнасцю, эгаізмам і нянавісцю, патрабуе радасці Евангелля, абвяшчаемага з запалам і энтузіязмам, патрабуе паслання аб збаўчай любові Бога, якая ахінае кожнага чалавека, незалежна ад яго слабасцей і падзенняў”.
“Першай матывацыяй да евангелізацыі, – піша Святы Айцец, – з’яўляецца любоў Езуса, якую мы прынялі, адчуванне таго, што Ён нас збавіў, і гэта скланяе нас яшчэ больш Яго любіць. [...] Што ж гэта за любоў, якая не адчувае патрэбы гаварыць пра любімую асобу, паказваць яе, старацца, каб іншыя з ёй пазнаёміліся?” (EG, 264).
“Сёння Хрыстос даручае Табе цяжкую і адказную задачу абвяшчэння Яго Евангелля і пытаецца ў Цябе, як некалі тройчы спытаў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” (параўн. Ян 21, 15–17), – звярнуўся да біскупа наміната архіпастыр і прадоўжыў: “Неаднойчы на розных этапах жыцця Ты даваў Яму адказ: як хрысціянін, як святар, як рэктар нашай духоўнай семінарыі. Тваім адказам была старанная служба, вернае і самаадданае выкананне абавязкаў у духу веры, любові і адказнасці за Касцёл. З сённяшняга дня Ты будзеш служыць нашай дыяцэзіі як яе дапаможны біскуп, як правадыр Божага люду па дарогах веры, як слуга еднасці нашай дыяцэзіяльнай супольнасці.”
Далей арцыпастыр нагадаў пра багатую духоўную, культурную і рэлігійную спадчыну Гродзеншчыны і заклікаў “клапаціцца пра гэтую спадчыну, спрыяць яе захаванню і памнажэнню, каб мець затым магчымасць перадаць яе наступным пакаленням.”
“Як пастыра, з люду ўзятага і для люду прызначанага,” – звярнуўся Эксцэленцыя да электа, – “Бог паслаў Цябе да нашага люду, які прагне адчуць – дзякуючы Тваёй паслузе – радасць Евангелля і моц сакрамэнтальнай ласкі.”
Іерарх зачытаў словы папы Францішка з “Evangelii gaudium”: “Біскуп павінен заўсёды спрыяць місійнай камуніі ў сваім дыяцэзіяльным касцёле, імкнучыся да ідэалу першых хрысціянскіх супольнасцей, у якіх вернікаў ажыўлялі адно сэрца і адзін дух [...]. Таму часам ён павінен стаць наперадзе, каб указаць дарогу і падтрымаць надзею людзей, іншым разам павінен стаць сярод усіх са сваёй міласэрнасцю, а ў пэўных акалічнасцях ён павінен ісці за людам, каб дапамагчы тым, хто застаўся ззаду, бо ён – пастыр сваёй аўчарні...” (EG, 31).
Напрыканцы свайго слова, пры ўсім мностве заданняў і адказнасці, якія лягуць на плечы новага біскупа, архіпастыр падказаў яму шукаць суцяшэння ў словах умілаванага Пана да апостала Паўла: “Табе хопіць маёй ласкі” (2 Кар 12, 9).
Працяг абраду пасвячэння адбыўся пасля гаміліі. Тады біскуп намінант склаў абяцанне, у якім абавязаў сябе захоўваць веру і выконваць свой абавязак. Далей прагучала Літанія да Усіх Святых. Падчас спеву біскуп ляжаў ніцма. Гэта выражае пакору і поўны давер сябе Богу ў думку слоў св. Паўла: “Я ўкрыжаваны з Хрыстом; дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос” (Гал 2, 20). Галоўны пасвячаючы і іншыя іерархі па чарзе ўсклалі рукі на галаву біскупа намінанта. Гродзенскі ардынарый прамовіў малітву пасвячэння, пасля чаго выбраны ўжо з’яўляецца біскупам. Намашчэнне чала азначае ўдзел біскупа ў святарстве Хрыста. Новаму іерарху
былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа – абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія адзнакі — персцень, мітра і пастарал. Персцень – сімвал вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу – Святы Касцёл. Мітра сімвалізуе святасць, якой біскуп павінен адзначацца сярод людзей. Пастарал (ахвяраваны выкладчыкамі, выхавацелямі і алюмнамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне) – сімвал пастырскай улады і адначасова напамін біскупу, што ён не валадар аўчарні, але яе правадыр на шляху да збаўлення.
Кс. біскуп Аляксандр запрасіў новапасвечанага кс. біскупа Юзафа заняць першае месца сярод іншых канцэлебрантаў. Разам са сваім біскупам ардынарыем і верным людам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф уваходзіць у новы этап сваёй службы Богу і людзям.
Абрад пасвячэння завяршыўся пацалункам супакою, які ўдзялілі пасвячанаму ўсе прысутныя біскупы. Пацалунак, які новапасвечаны атрымлівае ад галоўнага пасвячаючага, а таксама ад усіх астатніх біскупаў з’яўляецца быццам пячаткай, што зацвярджае яго прыняцце ў Калегію Біскупаў.
Шмат гасцей прыбыло на ўрачыстасць пасвячэння дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юзафа Станеўскага. Усе біскупы Беларусі, Клаўдыё Гуджэроці – Апостальскі Нунцый у Беларусі, Гінтарас Сагрушас – біскуп Віленскі, прадстаўнікі гарадскіх і абласных уладаў, дыпламатычнага корпусу, духавенства, кансэкраваныя асобы, а таксама шмат вернікаў. Удзельнічалі прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам. Духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з а. Аляксандрам перадалі віншаванні ад архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Ад імя лютэранскай супольнасці з новымі біскупамі павіншаваў Каталіцкі Касцёл у Беларусі пастар Уладзімір Татарнікаў. Новага біскупа павіншавалі прадстаўнікі прэзбітэрыя дыяцэзіі, манаскіх супольнасцяў і свецкіх вернікаў.
Напрыканцы ўрачыстасці новы біскуп прайшоў па святыні і ўдзяліў прысутным сваё першае біскупскае благаслаўленне.
Біскуп Юзаф Станеўскі 1 лютага 2014 года распачаў сваё служэнне ў якасці дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.
Марына Белаблоцкая
Фота: Аляксандр Гацко