Урачыстасць Ахвяравання Пана
(кс. Андрэй Кеўлюк)
Сёння Святы Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Марыя з Юзафам прыносяць маленькага Езуса ў святыню, каб прадставіць Яго Пану Богу і каб выканаць традыцую: “Кожны хлопец, што раскрывае ўлонне, будзе пасвячоны Госпаду” (Лк 2,23). Езус уваходзіць у тое, што і так з’яўляецца Яго ўласнасцю, не для таго каб змяніць, але каб выканаць: “і зараз жа прыйдзе ў святыню Сваю Валадар, Якога вы чакаеце, і Анёл запавету, якога вы прагнеце. Вось, Ён прыходзіць” (Мал 3,1).
На сваім шляху ў храме Езус спатыкае двух людзей, якія адзначаліся вялікай набажнасцю, якія чакалі “суцяшэння Ізраэля, прысвяціўшы ўсё сваё жыццё служэнню Богу:
1. Сімяон (з грэч. 'той, хто чуе Бога') – праведны і набажны чалавек. “Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадава.” (Лк 2,26). Калі бацькі прынеслі Езуса ў святыню, Сімяон узяў Дзіцятка на рукі і праславіў Бога за “святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраэля”. Праз сваё благаслаўленне гэты пабожны чалавек выказаў прагу Выбранага Народа: дачакацца Збаўцу і выкананых у Езусе Хрысце прароцтваў Старога Запавету.
2.Прарочыца Ганна (з яўр. ‘ласка’), дачка Фануэля, з роду Асэра, якая сваё жыццё - страціла яго ў раннім узросце, - пасля смерці мужа, прысвяціла служэнню праз пасты і малітвы Богу. І вось гэта жанчына сталага ўзросту абвяшчае ўсім напатканым аб тым, што прыйдзе Збаўца на зямлю.
Езус прыйшоў на зямлю, каб дапамагчы не анёлам, а патомству Абрагама. Ён вырашыў прыпадобніцца да братоў, прайсці праз выпрабаванні і цярпенні, каб дапамагчы тым, чыё жыццё ўвесь час стаіць на скрыжаванні перад выбарам дабра і зла (пар. Геб 2,16-18). Езус кожнаму з нас кажа: “Ты можаш выправіцца! Ты можаш быць святым! Бо Я жыў на зямлі сярод людзей, і Я ведаю, што жыць згодна з сумленнем і з воляй Бога Айца можна. Толькі трэба даверыць Яму поўнасцю сябе.”
Сёння, у свята Ахвяравання Пана, я хацеў бы з Вамі, дарагія, успомніць таксама нашых продкаў: бацькоў, бабуляў і дзядуляў. Хочацца скласці ім падзяку за захаванне веры, яе сведчанне ў цяжкія часы камуністычна-атэістычнага рэжыму. Бо кожны з іх у нечым падобны да Сімяона і Ганны, кожны з іх чакаў свабоды, каб мог без перашкод пайсці ў святыню, не баяцца насіць на шыі крыжык ці медалік, ахрысціць сваё дзіця ці ў часе шлюбу перад Божым алтаром скласці сужанскія абяцанні.
Калі я быў семінарыстам, мая бібліятэка папоўнілася адной вельмі цікавай кнігай - “Католический Костёл в Белорусии в 1945-1990 годах” Э. С. Ярмусіка, якая выйшла ў свет у 2006 годзе ў Гродна. Шчыра кажучы, кніга мяне вельмі ўразіла. Чытаючы яе, я знаёміўся з тымі цяжкамі часамі, калі веруючы чалавек быў пераследаваны праз улады, аб якіх я ведаў толькі з размоў, а цяпер, абапіраючыся на гістарычныя дакументы, магу папоўніць свае веды. На яе старонках я знайшоў інфармацыю аб гераічнасці святароў і свецкіх людзей у абароне Веры, святыняў, аб турэмных зняволеннях, у якіх баранілі рэлігійныя каштоўнасці, як духоўныя, так і матэрыяльныя. Знайшоў таксама факты слабасці людзей, сведчанні аб іх адрачэнні ад веры, гэта датычыла людзей з маёй бацькоўскай парафіі, а нават з маёй вёскі (гэтых людзей я вельмі добра ведаў), якія перад усімі адракліся ад Бога і прысягнулі іншаму богу - партыі. Але гаворка не аб іх, гаворка аб тых, хто не баяўся, хто бараніў, маліўся аб новых пакліканнях, свабодзе. І, напэўна, такіх людзей ведае кожны з нас: можа гэта хтосьці з нашых родных, нашыя суседзі, святары, якіх мы добра ведаем (яны нас хрысцілі, удзялілі Першай Камуніі, благаслаўлялі сужанства). Давайце ж сёння ўзнясём да Бога малітву за іх: няхай Бог благаславіць жывым і прыме ў сваё Валадарства памерлых – за тое, што яны збераглі і перадалі жывую веру.
Няхай кожны з нас прыкладзе намаганні, каб не страціць спадку, які яны нам заставілі. Свечка, якую мы з Вамі запальвалі на пачатку Святой Імшы, хай заўсёды прыпамінае нам аб Езусе Хрысце, Святле Праўдзівым, Які хоча давесці нас да Божага Валадарства, і асвятліць нашу дарогу да Неба.