Skip to main content

Як усё пачыналася. Шлях да святарства і біскупства Юзафа Станеўскага

Прызначэнне папам Францішкам кс. Юзафа Станеўскага біскупам сталася адметнай падзеяй для каталікоў Гродзеншчыны таксама і таму, што ён нарадзіўся і ўзрастаў у сваім пакліканні сярод гэтага народу і добра ведае яго ментальнасць і культурны кантэкст. Пра некаторыя важныя моманты з жыцця новапасвечанага дапаможнага біскупа для Гродзенскай дыяцэзіі прапануем прачытаць у біяграфічным рэпартажы.

 

006 thumbКс. біскуп Юзаф Станеўскі паходзіць з традыцыйнай і веруючай сям’і з Занявіч, непадалёк ад Гродна. З’яўляецца наймалодшым з чатырох дзяцей Алены і Рамуальда Станеўскіх (старэйшы брат Тадэвуш, Крыстына і Алена). Ваколіцы Занявіч з’яўляюцца вельмі маляўнічымі нават узімку: непадалёк працякае рака Свіслач, а пад самай хатай Станеўскіх невялікая рачулка Пякелка – такую назву надалі ей Бажэнцкія, панскі шляхецкі род, з якога, дарэчы, паходзіць благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая. 

Дык вось, рака гэтая, калі прыходзіў час вясенняга павадку, з маленькай рачулкі ператваралася ў небяспечную плынь, якая залівала палеткі паноў Бажэнцкіх, і аднойчы ў ёй амаль што не патануў сам галава роду, якога цудам выратаваў парабак, аддаўшы сваё жыццё. Пасля гэтай падзеі гэтую рачулку пан Бажэнцкі назваў Пякелкай. Паводле апавяданняў спадарыні Алены, маці новапасвечанага біскупа, маленькі Юзаф у дзяцінстве быў вельмі працавітым. Як толькі прыходзіла вясна, у вёсцы, як вядома, было шмат працы на гаспадарцы, і маленькі Юзаф з маленства дапамагаў сваім бацькам, робячы сваю працу з ахвотай і замілаваннем.

042 thumbАднавяскоўцы ўспамінаюць, што ён, як святы Францішак Асізскі, вельмі любіў жывёл, даглядаў іх, дапамагаючы сваім бацькам. Першыя тры гады пачатковай адукацыі маленькі Юзаф скончыў у Занявічах, а сярэднюю адукацыю атрымаў у суседніх Луцкаўлянах. Паводле ўспамінаў свайго аднакласніка, Цыдзіка Казіміра, Юзаф Станеўскі быў добрым калегам і сябрам. "Зімой збіраліся і летам. Гулялі ў футбол, у хакей. Як вучыліся, прыйдзем са школы, сумку адразу пакідаем і на русла, расчысцім лёд і ў хакей гуляем. Здаралася, што з урокаў уцякалі. З фізкультуры часцей. Зойдзем да яго цёткі ў Луцкаўлянах, яна пачастуе мёдам, чаю пап’ем і дадому. Што там тая фізкультура, лепей дадому пайсці, 7 кіламетраў усё-такі," - успамінае Казімір.032 thumb

Потым была служба ў арміі і праца ў мясцовым агракамбінаце. У адным са сваіх інтэрв'ю для grodnensis.by, кс. біскуп Юзаф распавёў, што з аднаго боку служба ў арміі ў яго асяроддзі была гонарам, а з другога ён адчуваў смутак, што, абараняючы Радзіму, ён не будзе мець магчымасці практываць і адкрыта вызнаваць сваю веру: "Чаму, служачы Радзіме, я не маю права быць сабой – веруючым і практыкуючым чалавекам? Каб нам тады дазволілі маліцца і хоць раз на месяц наведваць касцёл у Мінску, то мы ж з яшчэ большай адданасцю служылі Радзіме".     

Як жа зараджалася пакліканне будучага біскупа?

Вядома, адкрыванне ўласнага паклікання - гэта даволі працяглы і складаны працэс, пры якім трэба браць пад увагу розныя жыццёвыя аспекты. Напэўна, першым і самым важным асяроддзем узрастання ў пакліканні з’яўляецца сям’я, якая, як было ўзгадана, адыграла ў жыцці Юзафа вялікую ролю. Менавіта ў гэтым асяроддзі былі атрыманыя першыя лекцыі веры ў Бога і любові да бліжняга. Паводле маці Алены, “малітвы бабулі, Апалоніі Занеўскай, напэўна, спрыялі таму, што ён абраў той, а не іншы шлях”, таксама маці біскупа Юзафа працягвае , “немалаважную ролю ва ўсім гэтым адыграў кс. Казімір Жыліс SI. Памятаю добра тую першую нядзелю, калі кс. Жыліс прыехаў да нас ў 1987 годзе і маліўся аб пакліканнях, заахвочваючы да малітваў іншых людзей. Для нас, простых людзей, гэта бало неяк незвычайна, таму што папярэдні святар, кс. Мацееўскі, публічна ніколі не заахвочваў да малітваў у гэтай інтэнцыі. Аднойчы, пасля пропаведзі, у якой кс. Казімір казаў пра пакліканні, у хаце я заўважыла, як мой Юзаф нейкі нехарактэрна сур’ёзны зрабіўся і ходзіць у задуменні. Я запытала ў яго, што здарылася? Пра што думаеш? Ён, доўга не думаючы, мне адказаў: “Аб сённяшнім казанні пра пакліканне да святарства”.

"Моцна запалі словы з казання святара ў яго сэрца. Яшчэ крыху раней, калі мой сын навучаўся ў дзясятым класе Луцкаўлянскай сярэдняй школы, настаўніца задавала вучням пытанне, хто кім хоча быць, і калі чарга дайшла да майго Юзафа, то ён без вагання адказаў, што будзе святаром," - з задуменнем сказала маці біскупа Юзафа. Дарэчы, пра тое, што бабуля Апалонія малілася за свайго ўнука, узгадваюць і супляменнікі, сярод якіх Тадэвуш Цыдзік, закрыстыян Занявіцкага касцёла: "Яго бабуля каля маёй мамы жыла, то калі прыходзіла да яе, дык прасіла, каб маліліся за яго, вельмі хацела, каб ён у семінарыі вучыўся, казала, "каб мой унук святаром стаў, каб хоць дачакацца". На жаль, не дачакалася".

У 1990 годзе, маючы 21 год, будучы біскуп ступае на шлях падрыхтоўкі да святарства і паступае на першы курс Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якая, дарэчы, першы раз адчыніла дзверы для кандыдатаў да святарства з усёй Беларусі, а нават Грузіі і Украіны.

Як распавядаюць аднакурснікі біскупа Юзафа, гэта быў нялёгкі час, калі адначасова трэба было вучыцца і цяжка працаваць, ствараючы адпаведныя ўмовы да навучання і святарскай фармацыі. Забраны камуністычнымі ўладамі, гістарычны будынак пабернардынскага манастыра, дзе месціцца цяпер семінарыя, у пачатку 90-х быў вернуты ў вельмі кепскім стане (да 1990 года тут праводзілі судовыя медыцынскія экспертызы). Таму клерыкам даводзілася шмат дапамагаць прыводзіць у парадак жылыя памяшканні, вучэбныя аўдыторыі, капліцу і іншыя памяшканні. 

010 thumb

Першы курс быў сведкам фармавання саставу выкладчыкаў, якія прыязджалі з суседняй Польшчы, і гэта для многіх юнакоў стварала моўны бар’ер. Не хапала таксама вучэбных матэрыялаў: літаратуры, падручнікаў з багаслоўя і філасофіі. Трэба было па невялікіх частках збіраць адпаведную інфармацыю з розных крыніц.

Першы ўступны экзамен у 37 кандыдатаў прыняла камісія на чале з кс. біскупам Тадэвушам Кандрусевічам (заснавальнік Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі). У першым акадэмічным годзе выкладчыцкая калегія складалася з 11-ці чалавек, якія выкладалі 20 тэалагічна-філасофскіх прадметаў.  

025 thumbНягледзячы на складаныя ўмовы навучання, клерык Юзаф даходзіць да сваёй мэты і 17-га чэрвеня 1995 года з рук кс. б-па Аляксандра Кашкевіча атрымоўвае святарскія пасвячэннні. Паводле біскупа Юзафа святарства, якое “...удзеленае чалавеку Хрыстом, з’яўляецца чымсьці складаным для разумення. Не месціцца яно ў катэгорыі людскіх словаў і паняццяў. 019 thumbНеабходна гэта цаніць і паглыбляць”, а наконт таго, якім павінен быць святар, Яго Эксцэленцыя нагадаў: "... святар павінен размаўляць з людзьмі, быць сапраўдным пастырам. Не толькі хрысціць, шлюбаваць і хаваць памерлых. Неабходна, каб святар быў з людзьмі штодзённа...". Падчас святарскіх пасвячэнняў у мінулым годзе, новапасвечаных святароў заклікаў да таго, каб яны былі людзьмі малітвы, таму што падчас малітвы нараджаюцца добрыя душпастырскія ініцыятывы.

009 thumbПасля святарскіх пасвячэнняў кс. Юзаф Станеўскі  прызначаецца вікарыем парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску і пасля крыху больш чым гадавой душпастырскай паслугі ардынарый скіроўвае яго на далейшае навучанне ў Люблінскі каталіцкі універсітэт. Там ён атрымоўвае ступень ліцэнзіята кананічнага права. Навучаючыся ў Польшчы, кс. Юзаф праявіў сябе добрым арганізатарам, дзякуючы якому ў будынку фонда Яна Паўла ІІ ў Любліне пачалі ладзіцца сустрэчы для святароў з Беларусі, на якія запрашаліся  святары з усёй Еўропы і Афрыкі, каб пазнаць адзін аднаго і падзяліцца душпастырскім досведам. Калега і сябра б-па Юзафа, кс. Павел Гедройць успамінае, што калі біскуп Аляксандр скіраваў яго на навучанне ў Люблін, то першым чалавекам, які ім заапекаваўся, быў кс. Станеўскі: "...першыя крокі ў каталіцкай вучэльні былі прыемныя, таму што было каму мне паказаць, дзе знаходзіцца бібліятэка і ўніверсітэцкі дэканат, дапамагчы сабраць неабходныя дакументы і проста, па-таварыску ўвесці мяне ў студэнцкую штодзённасць. У супольнасці святароў-студэнтаў у Любліне я адчуваў сябе, як у сапраўднай сям'і".

014 thumbУ 1999 годзе кс. Юзаф вяртаецца ў Гродна на пасаду прэфекта выхавання і выкладчыка сваёй Alma Mater, дзе ад самага пачатку адказна ставіўся да сваіх абавязкаў. Як успамінае кс. Валерый Быкоўскі, выпускнік Гродзенскай семінарыі,  ён "... выкарыстоўваў розныя спосабы, каб мы навучыліся ў нашым будучым святарскім служэнні ўключацца ў розныя формы евангелізацыі... Пры падтрымцы кс. Юзафа ўзнік семінарыйны тэатр, з’явілася футбольная каманда “Kronon”, пачала друкавацца семінарыйная газета “Duc in altum”, а таксама ўзнікалі іншыя евангелізацыйныя акцыі, у якіх удзельнічалі клерыкі. У стаўленні кс. Юзафа да рэчаіснасці была відаць любоў да Касцёла, семінарыі і свайго служэння, якое ён выконваў не толькі як прэфект, але і пазней як рэктар. Шмат увагі ён прысвячае інтэлектуальнаму развіццю клерыкаў, асабліва падчас напісання імі дыпломных прац і магістарскіх дысертацый”.   

040 thumbУ чэрвені 2005 года, пасля адыходу ў Мінска-Магілёўскую дыяцэзію дапаможнага біскупа Антонія Дземянкі, кс. Юзаф Станеўскі, выпускнік Гродзенскай ВДС, першы раз у гісторыі яе існавання прызначаецца рэктарам, а таксама (праз некаторы час пазней) капеланам Яго Святасці (прэлатам).

На працягу 15-ці гадоў працы кс. Юзафа Станеўскага на пасадзе рэктара да святарства былі падрыхтаваныя дзясяткі кандыдатаў, якія цяпер прапаведуюць Хрыста ў сваім служэнні па ўсёй дыяцэзіі. На дадзены момант семінарыя мае амаль што поўнасцю сфармаваны выкладчыцкі састаў з мясцовых святароў, а таксама, дзякуючы шчодрасці ахвярадаўцаў, створаныя адпаведныя матэрыяльныя ўмовы для навучання.

 Падрыхтаваў кс. Юрый Жэгарын, Maрына Белаблоцкая

 

Прапануем невялікі фотарэпартаж з малой радзімы кс. бпа Юзафа:

IMG 4185 thumb thumb

Адна з дарог да касцёла імя Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата Мучаніка ў Заневічах (з боку вёскі Свіслач)

IMG 4186 thumb thumb

Занявіцкія могілкі, дзе пахаваны святой памяці Рамуальд, айцец біскупа Юзафа

IMG 4208 thumb thumb

 Будынак храма невялікі па сваіх памерах, але мае густоўную архітэктуру

IMG 4211 thumb thumb

Франтон касцёла

 IMG 4212 thumb thumb

Выява Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Менавіта такім з'яўляецца адзін з сімвалаў біскупскага герба Юзафа Станеўскага

IMG 4215 thumb thumb

Крыж перад святыняй у промнях сонца

IMG 4220 thumb thumb

Уезд у Занявічы, дзе нарадзіўся і вырас біскуп Юзаф

IMG 4230 thumb thumb

Прыдарожны крыж на ўездзе

IMG 4231 thumb thumb

Бацькоўская хата біскупа Юзафа Станеўскага

IMG 4269 thumb

Невялічкая рачулка, якая працякае каля роднай хаты