Skip to main content

Медыцына па-хрысціянску. Душпастырства медыкаў стварае свой блог

Па ініцыятыве Гродзенскага душпастырства Службы Аховы Здароўя на чале з кс. д-рам Мікалаем Ціхановічам, засноўваецца блог "Медыцына па-хрысціянску", у якім яго паасобныя члены, кожны тыдзень будуць насвятляць і тлумачыць актуальныя праблемы сучаснай медыцыны з пункту гледжання каталіцкай этыкі. Прапануем Вашай увазе першы допіс кіраўніка душпастырства, ў якім раскрываецца сутнасць хрысціянскага светапогляду на медыцыну.

Досвед многіх каталіцкіх працаўнікоў сферы аховы здароўя паказвае, што штодзённая медыцынская практыка амаль што не ўлічвае найважнейшыя антрапалагічныя пастулаты заснаваныя на этычных прынцыпах. Разуменне дабра, якое грунтуеца выключна на дэанталагічным кодэксе і эмпатыі да людскога цярпення, з’яўляецца адносным. Здараецца так, што эмпатычнае разуменне ўзнікае ў медыка спантанна або ў выніку патрабавання з боку самога пацыента (прыкладам тут можа быць аборт ці практыка эўтаназіі). Што ёсць дабро для чалавека, можа зыходзіць таксама з акрэсленай філасофскай тэорыі або этычнай сістэмы, якая мае вырашальны ўплыў у працэсе ацэнкі лекара, самога пацыента, ці нават грамадства.

У медыцынскай практыцы існуе вялікае рызыка суб'ектывізацыі дабра і міласэрнасці. Найчасцей прычынай такога стану з’яўляецца адсутнасць пераканання ў нетыкальнасці чалавечай прыроды і яго выкарыстанні як пластычнага матэрыялу маніпуляцыі.

Медыцынская практыка павінна лічыцца перш за ўсё з чалавечай годнасцю пацыента і таму не можа абысціся без этыкі, якая вынікае з пэўнага маральнага парадку, прадыктаванага прыродай чалавека.

Лекар Гален яшчэ ў старажытнасці сцвярджаў, што “добры лекар гэта таксама філосаф”. Таму ўсім працаўнікам службы аховы здароўя, а асабліва хрысціянам, неабходна ў сваім служэнні пазбягаць спакусы спрашчэння (антрапалагічнага рэдукцыянізму) і разглядаць чалавека ва ўсёй паўнаце (інтэгральнасці), як цялесна-духоўнае стварэнне. Менавіта з такога бачання чалавека зыходзіць хрысціянская антрапалогія.

Душпастырства службы здароўя г. Гродна працуе над тым, каб людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню хворым і церпячым, мудра і на адпаведным этычным узроўні, па-хрысціянску, выконвалі сваю місію дзеля дабра бліжняга. Пашыраючы сваю дзейнасць ў медыйнай прасторы, для чытачоў grodnensis.by мы жадаем асвятляць шматлікія праблемы ў сферы медыцынскай дзейнасці, прадстаўляючы іх у кантэксце хрысціянскага светапогляду.

 

Душпастыр службы здароўя г. Гродна кс. Мікалай Ціхановіч

Выява з MonsterWorking.com