25 студзеня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску адбылося біскупскае пасвячэнне кс. Юрыя Касабуцкага, прызначанага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Галоўным пасвячаючым быў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, асістуючымі – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і Генеральны сакратар ККББ біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У падзеі пасвячэння прымалі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і ўсе біскупы Беларусі, у тым ліку новы ардынарый Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, пасвячэнне якога адбылося 18 студзеня. Прысутнічалі таксама біскуп намінат Юзаф Станеўскі, пасвячэнне якога плануецца 1 лютага, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, госці з Беларусі і з-за мяжы, прадстаўнікі ўладаў, дыпламатычнага корпусу, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, вернікі. Прысутнічала таксама Ядвіга Пастэрнак з Вілейкі – жанчына, якой Папа Францішак напісаў і даслаў першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове. Па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, сведчанне такіх людзей, як гэтая жанчына, “спрыяла таму, што вера не толькі захавалася, але і была перададзена маладым пакаленням”.
Напрыканцы літургіі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да новага біскупа і ўсіх прысутных, з жартам сказаў: “Сёння над беларускай зямлёй свеціць асабліва прыгожае сонца, каб аздобіць гэтую ўрачыстасць. Але тым не менш холадна – таму быў пасвячаны новы біскуп, каб ён прынёс цяпло Божага сэрца. Ён малады, таму мае моцнае сэрца”. Прадстаўнік Папы дадаў, што віншаванні праз яго кіруе ў гэты дзень Святы Айцец.
“Для Вас гэты дзень мае асаблівае значэнне, - звярнуўся Апостальскі Нунцый да Мітрапаліта. – Жэст ускладання рук ардынарыя на галаву дапаможнага біскупа – гэта сапраўдны жэст нараджэння новага жыцця. Вашаму бацькоўскаму клопату і любові давяраем новага біскупа Юрыя. Мы шчаслівыя, што Святы Айцец змог даць Вам гэтую дапамогу”. Тое ж прывітанне і благаслаўленне Пантыфіка арцыбіскуп скіраваў да ўсіх прысутных іерархаў і святароў, адзначыўшы, што “ўсё, што гаворыцца пра біскупа, адносіцца і да святароў”, “віншаванні, якія кіруюцца да новага біскупа, і намаганні, якія ад яго патрабуюцца, датычаць і іх”.
Апостальскі Нунцый ад імя Папы выказаў асаблівую падзяку бацькам новага іерарха, а таксама верніцы вілейскай парафіі Ядвізе Пастэрнак, за тое, што “ў часы, халодныя да веры, яны змаглі сагрэць сэрца гэтага народа”.
“Папа Францішак вельмі часта нагадвае, што нам трэба ісці на перыферыю. Тут вельмі шмат гэтых перыферый. І ўсе чакаюць дапамогі новага біскупа, - звярнуўся прадстаўнік Святога Айца да біскупа Юрыя Касабуцкага. – З пастаралам, які Вы атрымалі, Вы пойдзеце наведваць усіх людзей, якія Вас чакаюць – чакаюць добрага пастыра, які прыходзіць, каб абвяшчаць збаўленне”. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заклікаў новапасвячанага падтрымліваць людзей “падчас іх цяжкіх момантаў, старасці, а таксама дзяцінства, каб яны маглі пазнаць аблічча Касцёла”. “Усе здзівіліся, бо Папа прызначыў маладых біскупаў, - дадаў Апостальскі Нунцый. – Але нам патрэбны маладыя біскупы, бо трэба прайсці шмат кіламетраў, каб шукаць людзей. Ёсць адлегласці фізічныя і духоўныя, ёсць далёкія духоўныя дыстанцыі, хоць і блізкія фізічна, - гэта адлегласць да тых сэрцаў, якія яшчэ не адкрыліся на Бога”.
Паводле Catholic.by
Выява з rh.by