Skip to main content

IIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

IIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У трэцюю Звычайную Нядзелю, у Евангеллі, мы чуем заклік Хрыста: “пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”, - які мы даволі часта чытаем у Літургіі Слова. Аднак, давайце ж сёння паспрабуем па-новаму паглядзець на тэму пакаяння.

 

Не трэба думаць, што пакаянне складаецца з таго, каб пастаянна “капацца” ва ўласных грахах, займацца самабічаваннем, імкнуцца выявіць y сабе як мага больш злога… Сапраўднае пакаянне – гэта калі мы пераходзім ад цемры да святла, ад граху да святасці; калі мы разумеем, што ранейшае нашае жыццё было дрэнным.

Праўдзівае раскаянне - гэта калі, перад абліччам Бога, мы разумеем, што жыццё нам дадзена для таго, каб стаць Божымі дзецьмі, далучыцца да Божага святла.

Сапраўднае пакаянне - тое, якое праяўляецца не толькі ў словах, але і ў справах; у гатоўнасці прыйсці да кожнага, хто патрабуе дапамогі.

Пакаянне, якое ідзе ад сэрца - гэта калі мы звяртаемся да Бога з надзеяй, што Ён нас пераменіць, бо ў Яго сілах зрабіць нас шчаслівымі хрысціянамі.

Бог, калі гэтага хоча, здольны зрабіць нават немагчымае. Напрыклад, у Старым Запавеце, мы сустракаем такія цуды: Майсей праходзіць праз мора, Ёна вызваляецца з кіта і інш., у Новым - Саўл становіцца Паўлам, памерлы Лазар уваскрасае, Марыя Магдалена ператвараецца з блудніцы ў святую і інш. Як бачым, для Бога сапраўды няма нічога немагчымага! Але Хрыстос не можа штосьці зрабіць для нас без нашага жадання. Для гэтага Ён патрабуе таксама нашага з Ім супрацоўніцтва: мы павінны пакаяцца за нашыя ранейшыя грахі, за нашыя здрады, за тое, што мы “ўцякалі” ад Бога, калі Ён хацеў, каб мы былі разам з Iм.

У кожнага з нас яшчэ ёсць шанец, ёсць час, які дае нам Госпад, каб пакаяцца і змяніць сваё жыццё на лепшае…