У катэдральным касцёле г. Гродна 23 студзеня на супольным набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, праваслаўнай і лютэранскай Цэркваў. Аб хрысціянскім адзінстве гродзенскія вернікі разам з усім светам маліліся на працягу тыдня з 18 па 25 студзеня.
Набажэнства распачалося ўрачыстай працэсіяй з крыжам, пасхалам, кадзілам і Евангеллем як сімвалам жывога сапраўднага Езуса Хрыста сярод вернікаў. Пасля чаго ўсе прысутныя заспявалі гімн да Святога Духа.
На пачатку ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх прысутных:
– Сёння мы маем асаблівую магчымасць паразважаць над словамі апостала Паўла з Першага Паслання да Карынцянаў, якія былі абраныя за галоўную тэму Тыдня малітвы: “Ці ж Хрыстос падзяліўся?” У гэтым правакацыйным пытанні апостала мы заўважаем радаснае заахвочванне да малітвы і намаганняў, каб лепш пазнаваць, паважаць адзін аднаго і разам будаваць еднасць Містычнага Цела Хрыста, якім мы ўсе з’яўляемся. Езус Хрыстус не падзелены, адзіны Збаўца свету, няхай аб’яднае нас падчас гэтай малітвы….
Затым наступіла літургія Божага слова, падчас якой гучалі чытанні на беларускай і рускай мовах, фрагмент з Евангелля паводле Марка – на беларускай мове.
Пасля з кароткай прамовай да вернікаў звярнуліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.
Айцец Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі пры Гродзенскім абласным шпіталі звярнуўся да прысутных вернікаў з наступнымі словамі:
– У ракі два берагі, у хрысціянства – дзве грані: адзінства, дзякуючы чаму мы гаворым аб хрысціянстве, і разнастайнасць, традыцый, меркаванняў унутры кожнай царквы. (…) Выступаючы супраць хрысціянскага адзінства чалавек становіцца ворагам Хрыста.
Як прыклад непарыўнасці адзінства і разнастайнасці а. Аляксандр правёў аналогію са святам св. апосталаў Пятра і Паўла. Іх свята адзначаецца ў адзін дзень, нягледзечы на тое, што яны былі зусім рознымі.
Пастар евангелічна-лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў прыгадаў, што “ўсе мы браты і сёстры праз сакрамант хросту. (…) Мы, хрысціяне, пакліканыя прапаведаваць Евангелле ўсім людзям, прычым не толькі словам, але і ўчынкамі. (…) Менавіта дзякуючы гэтай сумеснай малітве адзін з адным і адзін за аднаго мы шукаем шляхі судакранання і дыялог”.
Пасля з пастырскім словам да прысутных звярнуўся ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч:
– Усе мы абвяшчаем Хрыста. Усіх Бог кліча да святасці і збаўлення. Як пачулі ў прамовах – маем сумесныя хрысціянскія мэты імкнемся быць вернымі слову Хрыста, жадаем клапаціцца аб развіцці сваіх хрысціянскіх супольнасцей і ўсяго нашага грамадства. Ёсць больш спраў і рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць, і ёсць намнога менш таго, што нас раздзяляе. Могуць нас адрозніваць знешнія формы і рэлігіныя цырымоніі, вопратка духоўных асобаў, структуры нашых супольнасцяў і разуменне некаторых праўдаў веры і дагматаў. Калі мы будзем толькі прытрымлівацца гэтых знешніх адзнакаў і шукаць адрознення, калі будзем падкрэсліваць, якія мы розныя, то можам згубіць галоўную мэту нашага жыцця ў святле Божага слова і ласкі збаўлення.
Успамінаючы словы апостала Паўла, іерарх звярнуў ўвагу, што яны “падказваюць нам, якім чынам мы можам дацаніць адзін аднаго, як прымаць дары ад іншых, нават цяпер, калі належым да розных веравызнанняў”. “На шчасце, маем шмат прыкладаў супрацоўніцтва хрысціян і еднасці між імі,” – працягваў кс. біскуп.
Яго Эксцэленцыя заахвочваў да малітва адзін за аднаго, разважлівасці і памяці “аб галоўных мэтах нашай веры, да якіх мы пакліканы ў Хрысце”, яны “дапамогуць нам заўсёды захаваць мудрае і адказнае стаўленне да ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў”. Ён заклікаў, каб існуючыя “розніцы наадварот дапамагалі нам узрастаць ва ўзаемным шанаванні і клопаце аб збаўленні. Асабліва ў нашым шматкультурным асяроддзі, дзе развіваюцца дзве асноўныя традыцыі хрысціянства – заходняя і ўсходняя, – патрэбны нам узаемны клопат аб нашым адзінстве”.
Сваю прамову біскуп скончыў словамі: “Служэнне адзін аднаму ў дабрыні і праўдзе яшчэ больш наблізіць нас да Хрыста. І няхай гэта будуць нават маленькія і сціплыя крокі хрысціянскага служэння ў любові, але патрэбна імі ісці наперад, каб дайсці да адзінага Хрыста, нашага Збаўцы”.
Пасля казання распачаўся абрад святла і вызнання апостальскага сімвалу веры. Прадстаўнікі канфесій атрымалі з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча запаленыя ад пасхалу свечкі.
Далей гучалі малітвы-просьбы на розных мовах: за паўсюдны Касцёл; за пастыраў нашых касцёльных супольнасцей; за ўсе сем’і; за хрысціян, якія перажываюць пераслед за вызнаванне сваёй веры; за ўсіх хрысціян.
Пасля малітваў распачаўся абрад перадачы знака супакою. Усе прысутныя супольна праспявалі малітву “Ойча наш” па-беларуску і перадалі адзін аднаму знак супакою.
На заканчэнне набажэнства ксёндз біскуп падзякаваў гасцям і прысутным вернікам за дар супольнай малітвы і заахвоціў штодня маліцца за еднасць хрысціян. Напрыканцы ўсе атрымалі пастырскае благаслаўленне.
Марына Белаблоцкая