Skip to main content

II Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

II Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

“Вось Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грахі свету” (Ян 1,29) Паважаныя браты і сёстры, хацеў бы менавіта гэтымі словамі распачаць сённяшняе нашае разважанне. Прысвячаю яго тэмам: па-першае, граху ў нашым штодзённым жыцці, адказнасці за свае чыны; па-другое, той вялікай Божай любові, якой адарыў нас Бог Айцец, паслаўшы ў Свет свайго Адзінароднага Сына – Езуса Хрыста; і па-трэцяе, тое, што можа зрабіць кожны з нас у будаванні Божага Валадарства на зямлі.

Святы Ян Хрысціцель невыпадкова назваў Езуса Хрыста “Ягнём Божым, Хто бярэ на Сябе грахі свету”. Сярод шматлікіх народаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Азіі, сярод жыхароў, якія знаходзіліся побач з Выбраным Народам, і, нават, у ізраільскім народзе існавала практыка складання ахвяр з жывёл. Святар ці старэйшына племені клаў свае рукі на галаву жывёлы, як бы пераносячы грахі на яе, пасля чаго гэтае стварэнне забівалася ці выганялася ў пустыннае месца, дзе гінула, тым самым лічылася, што грахі таго ці іншага чалавека, а нават усяго племені, прабачаліся Богам.

У Выбранага Народа такой жывёлай быў чорны казёл. Можа, менавіта з гэтай прычыны ў наш час вельмі часта выкарыстоўваецца выраз “казёл адпушчэння”, калі нехта адказвае за грахі іншага, нявінны церпіць за вінаватага.

Каб працягваць нашае разважанне, заклікаю кожнага запытацца ў самога сябе: “Як часта я абвінавачваю іншых у сваіх паразах, грахах? Як часта шукаю “казла адпушчэння” дзеля апраўдання самога сябе, сваіх чынаў?”

На жаль, паважаныя чытачы, у многіх з нас гэта адбываецца вельмі часта. Мы з вамі абвінавачваем усіх: бацькоў за дрэннае выхаванне дзяцей, моладзь за дрэнныя паводзіны; суседзяў за тое, што яны проста нашы суседзі, і не робяць, як хочацца нам; папу Рымскага, святароў і сясцёр законных за зло ў Касцёле; вінавацім цэлы свет, што ён такі дрэнны і мы павінны грашыць, каб не быць “белай варонай” на фоне іншых і нават самога Бога за зло ў нашым жыцці і за тое, што Ён стварыў наш свет.

Мы з вамі вяртаемся да падзей, якія апісвае Кніга Быцця: Адам абвінавачваў Еву, Ева – змяю, - кожны лічыў сябе невінаватым.

Атрымоўваецца замкнёнае кола, з якога цяжка выбрацца, калі не стаць у праўдзе перад голасам свайго сумлення, пачуць Бога ў душы. Кожны з нас павінен набрацца адвагі і прызнацца самому сабе перад абліччам Бога ў сваіх памылках, грахах: “Пане Божа, гэта “Я” зрабіў, Пане Божа, гэта “Я” вінаваты, і “Я” прыкладу ўсе намаганні, каб выправіць самога сябе, а не людзей вакол мяне”. Як толькі кожны з нас пачне працаваць над сваімі памыкамі і выпраўляць іх, можна будзе і змяніць навакольны свет. Часта мы забываем, што ўсе мы і кожны з нас па асобку - Божы сын, Божая дачка, што дзеці павінны быць падобнымі да свайго Нябеснага Бацькі.

Хрыстос прыйшоў узяць на сябе ўсе нашыя грахі, каб вярнуць кожнаму Божае сыноўства. Праз гэты свой чын Ён адбудаваў Божую супольнасць, разбітую грахом. Менавіта такі прыклад мы бычым у другім чытанні: святы Павел звяртаецца да карынцянаў, якія праз падзелы сярод веруючых, праз сварбы, абвінавачванні адзін аднаго, злоўжыванні маральных праваў, стаялі на парозе развалу супольнасці. Але, дзякуй Богу, што знайшліся такія людзі сярод іх, якія заклапаціліся аб адзінстве і звярнуліся да св. Паўла аб напісанні ліста да веруючых.

“Ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста”, - тымі словамі св. Павел звяртаецца да карынцянаў з Божай любоўю, заклікае іх да еднасці і ўмацавання веры: "Браты, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі” (1Кар 1,10).

Шаноўныя браты і сёстры, давайце жа кожны з нас паглядзіць на бліжняга свайго з Божай любоўю; заўважыць у сабе тое зло, якое знішчае; і, не шукаючы “ахвярных казлоў”, пастараецца выправіцца, - гэтым самым дапаможа іншаму, можа, слабейшаму духоўна. Памятайце, усе мы - БОЖАЯ СЯМ’Я.