Skip to main content

II Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

II Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Другая Нядзеля звычайнага перыяду літургічнага года зноў ставіць перад намі асобу Яна Хрысціцеля, які, убачыўшы Езуса, сказаў: “Вось Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грахі свету” (Ян 1,29). Гэта вельмі важныя словы, бо мы чуем іх падчас кожнай Святой Эўхарыстыі.

Якія пачуцці выклікаюць у нас гэтыя словы? Здаецца, што мы павінны заўсёды дзякаваць Езусу за тое, што Ён узяў на сябе ўсе грахі свету і мой асабісты грэх. Ён – Сын Божы, які даў мне збаўленне праз тое, што стаў ахвярным Баранкам.

Як радуецца нашае сэрца, калі падчас сакраманту пакаяння чуем словы “….адпускаю табе грахі”. Ці святы Ян Хрысціцель распазнаў у Хрысце Бога-Збаўцу, дзеля якога Ян і хрысціў вадою? Так, бо Езус даў яму ласку пазнання Сябе як Бога. Ці пазнаю я Езуса? Ці прашу Духа Святога, каб асвяціў мяне ласкай пазнання Хрыста і напоўніў сэрца любоўю да Таго, “які бярэ на сябе мой грэх”?