Skip to main content

II Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

II Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

“Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету…”, - гэтыя словы, якія мы сёння пачулі ў Евангеллі, кожнага дня паўтарае святар, паказваючы Езуса Хрыста ў Гостыі людзям, перад прыняццем Святой Камуніі.

Не кожны, хто верыць, дадумваецца да таго, што тут стагоддзямі здзяйсняецца тое, што адбылося ў Палестыне, калі Хрыстос з'явіўся людзям. Святар паўтарае словы св. Яна Хрысціцеля, якія той гаварыў, паказваючы людэям на Хрыста.

Гостыя, прыпаднятая над келіхам, гэта той самы Баранак Божы, які некалі стаяў на беразе Ярдана, як адзін з многіх, што згубіўся сярод натоўпу і быў нікім не заўважаны. Толькі св. Ян Хрысціцель даведаўся пра Яго і сказаў людзям, што Ён няпроста Сын Юзафа з Назарэта, але Збаўца іх народу і ўсяго свету. Тое ж самае сёння робіць і святар: ён ўздымае Гостыю і паказвае, што гэта не лустачка звычайнага хлеба, але цела Хрыста, Цела Божага Баранка, які сёння, як і дзве тысячы гадоў таму назад, бярэ на сябе грахі свету.

Словы сотніка, якія паўтараюць вернікі: “Пане, я няварты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе вылечана душа мая”, - гэта адказ на ўказанне і на прадстаўленне імі Хрыста. Гэтыя словы азначаюць пакорлівае адкрыццё свайго жыцця перад Хрыстом. Чалавек схіляецца перад Божым Баранкам, кажа, што няварты прыняць Яго пад свой прытулак, але, што дастаткова толькі аднаго Ягонага слова, каб надломленае жыццё аднавілася.

Ян Хрысціцель называе Езуса “Баранкам Божым”, - гэта вызначэнне стала неад'емным элементам тэалагічнай мовы. Пра што думаў Ян Хрысціцель, калі назваў Яго так? Ёсць некалькі варыянтаў, але мне здаецца, што найбольш яскрава адлюстроўвае гэтую праўду тое, што Ян Хрысціцель меў на ўвазе пасхальнага баранка (свята Пасхі было не за гарамі). Згодна з апавяданнямі пра першую Пасху, кроў заколатага баранка абараніла дамы юдэяў у ноч зыходу з Егіпту. У тую ноч, калі анёл смерці праходзіў паўсюль, забіваючы кожнага першынца ў егіпецкай зямлі, юдэі мазалі вушакі дзвярэй сваіх дамоў крывёй заколатага ягня для таго, каб анёл, убачыўшы гэты знак, прайшоў міма. Паводле Яна Хрысціцеля кроў пасхальнага баранка з’яўляецца сімволам вызвалення юдэяў у Егіпце ад смерці. Такое вызваленне можа даць нам толькі Хрыстос. Але, збаўленне чалавека - гэта не толькі дзеянне аднаго Бога: выратаванне магчыма толькі пры ўзаемадзеянні Бога і чалавека. Баранак Божы, Хрыстос, пастаянна стукаецца ў дзверы нашай гісторыі, а мы, ці распазнаём гэты заклік, ці адкажам словамі сотніка: “Пане, я няварты, але скажы толькі слова, і ўсё пераменіцца ў маім жыцці”.