Skip to main content

У Лідзе адбыўся Міжнародны форум Ананімных Алкаголікаў

Пачынаючы з 2002 г. ў горадзе Ліда штогод праходзіць міжнародны форум Ананімных Алкаголікаў (АА). Падчас сустрэч удзельнікі дзеляцца сваімі навінамі, абмяркоўваюць праблемы і дапамагаюць адзін аднаму шукаць шляхі выйсця з іх. Усе яны – людзі, якія з радасцю дзеляцца сваімі думкамі. Падчас сёлетняга форума, наша карэспандэнт Ганна Маёрава паразмаўляла з некаторымі прадстаўнікамі руху АА.

Уладзімір, 54 гады, 18 гадоў у АА, жанаты, па прафесіі інжынер-электрык.

Каб пазбавіцца алкагольнай залежнасці трэба толькі адно – жаданне кінуць піць. Гэта самае галоўнае. Таксама патрэбен Бог. Калі я распачаў праграму “12 крокаў, 12 традыцый”, то я адчуў, што такое сапраўднае шчасце. Не хацелася быць агрэсіўным, рабіць гадасці, таму і прыйшоў у АА. Увесь працэс вельмі цікавы. Ужо 18 гадоў хаджу на сходы і кожны раз адкрываю штосьці новае.

Некаторыя баяцца сарвацца. Трэба мець сілу і разумець, што час цвярозасці гэта не панацэя, не лякарства. У алкаголіка тры выхады: 1) піць усё жыццё і ў канцы памерсці ў страшных муках, 2) не піць доўгі час, а потым зноў распачаць – таксама ўсё адно-смерць, 3) быць цвярозым і шчаслівым. Каб дасягнуць трэцяга варыянту трэба не піць адзін дзень, бо не ведаеш, што чакае заўтра.

Працэс сапраўды вельмі цікавы. Я раблюся зусім іншым, знаходжу сяброў, якіх у мяне шмат і па ўсім свеце. Нам вельмі радасна бачыць адзін аднаго, ці проста чуць.

Вельмі важна зразумець, што алкаголіку трэба толькі дасягнуць свайго “дна”. Але ў некаторых выпадках “дно” аказваецца бясконцым. Па-гэтаму маё пажаданне людзям, якія яшчэ не зразумелі праблемы, гэтае “дно” прыпадняць, каб з’явілася жаданне кінуць піць. Гэта і ёсць адзіны ключ да цвярозасці і ўвогуле да жыцця.

Юрый, 57 гадоў, 13 гадоў ў АА, жанаты.

Кожны раз хаджу на сходы. У нас няма такога, што належыш да асобнай групы. Можна наведваць любы сход, у любым горадзе. Мы члены АА, а не якойсці канкрэтнай суполкі.

Наведванне АА дало мне жыццё, вярнула мяне да Бога, бо праграма “12 крокаў, 12 традыцый” найперш звязана з Богам. Лічу, што толькі дзякуючы Богу я пачаў жыць нармальна, бо якім я быў да праграмы – проста жах.

Жадаю, каб тыя, хто зараз знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці, перамаглі свой сорам. Жадаю сумленна паглядзець на сябе з боку і адказаць на пытане:”Чаму я такі?”. Жадаю зразумець, што не жонка вінавата, не дзеці, не дзяржава, а ўся справа ў самым сабе, што толькі сам вінаваты, а таксама пагадзіцца з тым, што ёсць праблема і трэба яе вырашаць. Толькі тады можна пачаць папраўляцца.

Міраслаў, 53 гады, жанаты, 12 гадоў ў АА, кіроўца-міжнароднік.

Калі першы раз паехаў на форум у Мінск, то быў вельмі здзіўлены тым, як людзі могуць так адпачываць і весяліцца без алкаголю. Там і пачуў, што калі хачу чагосьці дабіцца, трэба наведваць сходы і мець вялікае жаданне кінуць піць. Наша праграма больш заснавана на рэлігіі. Амаль ва ўсіх кроках, акрамя першага і другога, прысутнічае Бог. Менавіта праз праграму мы разумеем свае праблемы, узрастаем духоўна. Калі не будзем наведваць форумы і сходы, не будзем удасканальвацца, то нешта адбудзецца, прычым кепскае.

Сапраўды, калі нас шмат, то гэта дапамагае змагацца з праблемай. Кожны расказвае, як ён перажывае гэтуюXAu k3cMFTk бяду, як спрабуе пазбавіцца яе. Усё вельмі бачна па вачах, пачынаеш разумець людзей і робіцца намнога лягчэй. Калі чалавек адзін на адзін са сваім горам, то вельмі цяжка штосьці зрабіць, баішся ўжо падзяліцца праблемамі, па-гэтаму, калі чалавек прыйшоў і прызнаў, што ён алкаголік, то ў яго ёсць шанец застацца цвярозым, вярнуцца да штодзёнага жыцця, штосьці пачаць выпраўляць і ўвогуле ўсё наладзіць.

Жадаю, каб як мага больш людзей заставаліся цвярозымі, каб людзі адмовіліся ад алкаголю і наркоцікаў, каб не баяліся прызнаваць свае слабасці і каб тыя, хто знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці, не баяліся прыходзіць на нашыя сходы, бо там можна знайсці шанец на нармальнае жыццё.