Абрагам Лінкальн калісьці казаў: ”Я перакананы, што Біблія з’яўляецца найлепшым падарункам, якім Бог калі-небудзь надзяліў чалавека. Усё найлепшае ад Збавіцеля свету перадаецца нам праз гэтую кнігу”.
Сапраўды, сёння ўсё больш людзей пачынаюць цікавіцца Бібліяй. Калі мы ўвядзём Біблію ў сваё жыццё, то разам з ёю ў наша жыццё пачне ўваходзіць і сам Бог. Менавіта Біблія і павінна стаць такім зернем нашай веры, якое паступова разрасцецца ў вялікае дрэва. З Бібліяй мы не будзем саромецца сваёй веры, а наадварот бараніць яе.
Менавіта па-гэтаму моладзь Лідскага Фарнага касцёла,разам са сваімі святарамі і сёстрамі, пачала збірацца штонядзелю на чытанне Божага Слова. На сустрэчах яны чытаюць Святое Пісанне, дзеляцця сваімі думкамі і шукаюць адказы на свае пытанні. Моладзь вырашыла, што патрэбна чытаць Святое Пісанне, каб разумець нашага Пана. Яны спрабуюць зацікавіць сваіх бацькоў, сяброў, знаёмых. Сёстры Назарэтанкі дапамагаюць ім распаўсюджваць Новы Запавет, які надрукаваны брацтвам Гедэона (галоўнай задачай гэтай суполкі з’яўляецца распаўсюджванне Евангелля – асобнікі друкуюцца не для продажу, а для перадачы іх з рук у рукі). Бачна, як паступова вера тых, хто прыходзіць на сустрэчы, змяняецца. Яны ўжо не баяцца казаць, што з’яўляюцца хрысціянамі, дапамагаюць іншым прыйсці да Езуса.
Увага! Факты, якія могуць здзівіць:
• Біблія – найбольш выдаваемая кніга ў свеце:
штодзённы наклад Бібліі складае 32876 асобнікаў – г.зн. кожную секунду ў свеце друкуецца адна Біблія.
• Біблія – самая перакладаемая кніга ў свеце:
Яна перакладзена на 2036 моў.
• Біблія – самая папулярная кніга ў свеце:
У гісторыі літаратуры было нямала твораў, якія станавіліся сусветнымі бэстсэлерамі, цікавасць да якіх трымалася гадамі. Але праходзіць час і цікавасць да іх знікала. Біблія, без усякай рэкламы, карыстаецца папулярнасцю на працягу амаль 2000 г.
• Біблія трымае рэкорд па працягласці яе стварэння:
Кнігі, якія складаюць Біблію, пісаліся з XV ст. да Н.Х. па І ст. пасля Н.Х., г.зн. на працягу 1600 г.!
Ганна Маёрава