Skip to main content

Гродзенскі ардынарый ва Урачыстасць Хросту Пана: "хрышчэнне - новае нараджэнне, пачатак жыцця ў Хрысце"

Ва ўрачыстасць Хросту Пана, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў урачыстую св. Імшу ў гродзенскім пабрыгідскім касцёле, на якой прысутнічалі таксама члены душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў. Непасрэдна пасля літургіі Найсвяцейшай Ахвяры архіпастыр падзяліўся з настаўнікамі аплаткам.

На пачатку пропаведзі Гродзенскі ардынарый узгадаў, што сэнс літургічнага года Каталіцкага Касцёла засноўваецца на тым, што пастаянна ўзгадвае нам аб прысутнасці і дзейнасці Бога ў нашым жыцці.

Кс. біскуп раскрыў сэнс сакраманту хрышчэння, які з'яўляецца "брамай" да ўсіх сакрамантаў: "Хрыстовае хрышчэнне з'яўляецца нечым падобным да мосту, які злучае нас з Ім і адначасова дарогай, якая вядзе нас да збаўлення... Хрышчэнне - новае нараджэнне, пачатак жыцця ў Хрысце".

Іерарх заклікаў засяродзіцца над тым, як мы ставімся да свайго хросту і хросту блізкіх нам людзей. Таксама архіпастыр заахвоціў кожнаму ў сваім сэрцы адказаць на пытанні: "Якой з'яўляецца мая вера?, Што робім дзеля таго, каб яе ўзмацніць? Якой з'яўляецца нашая малітва і духоўная актыўнасць?"

На завяршэнне пропаведзі біскуп Аляксандр сказаў: "Разважаючы таямніцу святога хрышчэння, давайце вучыцца чэрпаць з радасць з гэтага сакраманту, якая будзе ўзмацняць нашую веру і свядомасць быцця ўсыноўленымі дзецьмі Божымі і членамі Хрыстовага Касцёла".