Амаль што два тыдні мінула з моманту, калі моладзь з Беларусі прымала ўдзел у 36 па ліку Еўрапейскіх Сустрэчах Супольнасці Taize, якія сёлета праходзілі ў Страсбургу. Пазітыўны настрой не перастае перапаўняць нашых супляменнікаў, якія хочуць дзяліцца асабістымі ўражаннямі з гэтага экуменічнага мерапрыемства. Вашай увазе прапануем прычытаць досвед некалькіх чалвек, сярод якіх арганізатар выезду гродзенскай моладзі, кс. Антоній Грэмза.
Чым для мяне былі еўрапейскія сустрэчы моладзі супольнасці Taize ў Страсбургу? Напэўна не турыстычным падарожжам, але важным заклікам крочыць шляхам даверу, надзеі і любові. Непрацяглыя і глыбокія па сутнасці малітвы, спяванне канонаў на розных мовах, ціхая фонавая музыка – гэта ўсё, стварала атмасферу незвычайнасці сустрэч. Асабліва кранаючымі былі спевы, заўсёды добра падрыхтаваныя, што пабуджала да малітвы. Кожны ўдзельнік мог адчуць Божую прысутнасць. Страсбургскія сустрэчы былі таксама добрай нагодай, каб дасведчыць Бога ў бліжніх, які звяртаюцца да цябе на іншай мове і са шчырай усмешкай.
Аліна,
Акадэмічнае Душпастырства „OPEN” Гродна
Я ўвесь час шукаю сябе сярод іншых. Калі я прыязджаю на Еўрапейскія сустрэчы моладзі Taize мне хочацца быць іх часцінкай.
Сустрэчы моладзі ў Страсбургу пасля доўгага перапынку былі для мяне пятымі па ліку. Дзякуючы сустрэчам Taize я вучуся прабачаць і будаваць адзінства, вучуся прымаць іншых такімі, якімі яны ёсць і радавацца прастаце жыцця, пазнаваць сябе, разумець, усведамляць сваю недасканаласць.
Taize стала пэўным званочкам для майго розума і сэрца, які абуджае і заклікае мяне ісці далей разам з усімі тымі, хто шукае Бога.
Ірына, Гродна.
Для тых удзельнікаў еўрапейскіх сустрэч моладзі, якія ладзіліся экуменічнай супольнасцю бротоў з Taize, кожная сустрэча была непаўторнай і заахвочваючай адкрываць з кожным разам наноў сваё месца ў хрысціянскай сям’і маладых людзей з Еўропы. Не было выключэннем і сёлетняя 36-я сустрэча моладзі, якое з 28.12.2013 па 01.01.2014 адбывалася ў Страсбургу. Жыхары Страсбурга і ваколіц, якія прымалі каля трыдцаці тысяч ўдзельнікаў сустрэч, праявілі вялікую гасціннасць і размясцілі іх у сваіх сем’ях. Акрамя гэтага, сёлетнія сустрэчы характэрызаваліся добрай арганізацыяй.
Паспяховасць у гэтай справе ў многім залежала ад добрай каардынацыі ў супрацоўніцтве братоў Taize з парафіямі розных хрысціянскіх канфесій. Гэта таксама плён шматмесячнай падрыхтоўкі, каб не падвёў грамадскі транспарт, прадрыхтаваныя залы, моладзь з розных краін мела магчымасць маліцца разам на розных мовах і быць разам падчас фестывалей.
Невыпадкова гэтыя экуменічныя сустрэчы суправаджаюцца назвай Паломніцва Даверу. Сапраўды, увесь рух і дзейнасць супольнасці братоў, заснаванай у 1948 г. братам Ражэ, з’яўляецца ўсё тым жа Паломніцтвам Даверу.
Страсбургская сустрэча адзначылася ў гісторыі, як адна са шматлікіх, калі гаварыць пра колькасць удзельнікаў з Беларусі. З нашай краіны прыняло ў ёй каля 1000 чалавек, з нашай дыяцэзіі было 200. Сярод нашых супляменнікаў былі там католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Сустрэча таксама з’яднала паміж сабой моладзь не толькі з Еўропы, але і з Амерыкі і Азіі.
Карысным досведам экуменічных сустрэч заўсёды застаецца малітва і разважанне над Божым Словам. У Страсбургу, падчас сустрэч і малітваў мы разам шукалі адказу на пытанні, якія ставілі браты з супольнасці Taize: “Як знайсці бачнае адзінства паміж тымі, хто любіць Хрыста?”.
Паколькі я з’яўляюся пастаянным удзельнікам гэтых сустрэч, адчуваю і назіраю, што кожнае такое мерапрыемства прыносіць добры плён. З кожным такім супольным выездам вяртаюся больш духоўна ўзбагачаным. Сустрэчы з’яўляюцца добрым стымулам унутраных перамен і пабуджаюць зусім па іншаму паглядзець на будаванне духоўнага адзінства на культурна-рэлігійным узроўні. Паўстае прагненне, што варта дзяліцца ў нас асабістым досведам малітвы, адарацыі крыжа, сустрэчы з тымі, хто размаўляе на іншай мове і хто прыналежыць да іншай хрысціянскай канфесіі. Залічваю гэта да аднаго з найважнейшых пладоў асабістага ўдзелу, якія атрымаў падчас сёлетніх Страсбургскіх сустрэч.
Кс. Антоній Грэмза
Душпастыр моладзі