Skip to main content

Урачыстасць Хрышчэння Пана. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сёння літургія Касцёла і Евангелле звяртае нашую ўвагу на месца, дзе не чуваць крыкаў гандлю, дзе замест гучных размоваў паміж людзьмі і штодзённай гонкай за хлебам, грашыма і поспехам, пануе цішыня малітвы і сустрэча асоб: Бога і чалавека. Гэта месца ў пустыні на беразе ракі Ярдан, дзе Ян Хрысціцель падрыхтоўвае Збаўцу шлях, заклікаючы да пакаяння і навяртання.

 

Гэты храм святасці і чакання наведвае Езус. Тут у нізіне Ярдана рабу давялося прымаць Пана, чалавеку - Бога, Яну - Хрыста.

Езус, прымаючы хрост пакаяння, бярэ на сябе грахі людзей, ачышчаных ў водах Ярдана. Прымае хрост ад Яна, каб асвяціць і зацвердзіць гэты абрад і з яго пачынае сваю місію выратавання чалавечага роду. Пачынае свой шлях у Ерусалім для здзяйснення Вялікадня. У пачатку гэтага шляху прысутнічае ўся Троіца, як і ў справе стварэння і збаўлення чалавека. Святая Троіца аб’яўляе сябе, каб засведчыць, што Езус гэта доўгачаканы Месія, што ў Ім і праз Яго Бог усё злучыць з Сабою.

Дарагія, прыняты хрост - гэта выбар, нават, калі за мяне яго зрабілі бацькі, але гэта - выбар. Гэты выбар павінен быць прыкметны па тым, як мы жывем.

Многія хрысціяне, а ў іх ліку, магчыма, і я, часта пачынаюць ганарыцца сабой і апраўдваць сябе крыжыкам на грудзях альбо асвечаным ружанцам на пальцы, а то і сведчаннем аб хрышчэнні, у той час як жыццё не выказвае прысутнасці ў ім Святога Духа. І таму мы, хрысціяне, павінны жыць у свядомасці, што ёсць Бог у гэтым свеце, ёсць Пан, ёсць Збаўца, і што мы - Яго слугі, мы - яго сведкі, мы тыя, каго Езус выбраў і, як апосталаў, паслаў у гэты свет абвяшчаць Яго прыход, абвяшчаць, што Божае Валадарства ўжо ўвайшло і можа быць багаццем, жыццём, радасцю і выратаваннем для ўсіх.

Паважаныя, чым даўжэй мы ў Касцёле, тым больш часу прайшло з моманту хросту, тым наша вера павінна быць больш яркай, больш сталай.