Новапрызначаныя папам Францішкам іерархі для трох дыяцэзій Беларусі: кс. бп Алег Буткевіч, кс. бп Юзаф Станеўскі і кс. бп Юрый Касабуцкі, з 7-га па 11-га студзеня ў г. Слуцк, прымаюць удзел у духоўных практыкаваннях перад біскупскімі пасвячэннямі.
Айцец-дамініканін Раман Шульц, які праводзіць дадзеныя рэкалекцыі, сказаў што духоўныя практыкаванні праходзяць у атмасферы глыбокай задумы, супакою і радасці. Біскупы-намінанты маюць шмат часу, каб у цішыні задумацца над тым, якое служэнне даверыў ім Касцёл. На працягу кожнага дня кандыдаты на поўню святарства маюць дзве гадзіны адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, супольны ружанец, св. Імшу, духоўныя канферэнцыі і ўзаемныя сустрэчы.
Асноўнай думкай рэкалекцый з'яўляецца разважанне над пытаннем "Што значыць быць узлюбленым вучнем Езуса Хрыста паводле прыклада св. Яна Апостала". Засяроджваючыся на досведзе ўзаемаадносін са Збавіцелем гэтага апостала, а. Раман, вылучыў чатыры асноўныя моманты з яго жыцця і збудваў на іх аснове свае канферэнцыі і пропаведзі:
- Вячэрнік, калі св. Ян спачывае на грудзях свайго Настаўніка. Гэты вобраз паказвае вельмі глыбокую, асабістую сувязь узлюбленага вучня з Хрыстом;
- Св. Ян стаіць каля крыжа. Гэтая сцэна паказвае вернасць Хрысту, нават у самых цяжкіх, крызісных момантах;
- Св. Ян прымае Марыю за сваю Маці і становіцца таксама яе вучнем (вучыцца пакоры ад яе);
- Св. Ян разам са св. Пятром прыбягаюць прыходзяць першымі да магілы Езуса. Цікавы момант, што св. Ян прыбягае першы, але ўваходзіць другім. Гэтае сцэна між іншым паказвае нам пакору адносна таго, што кожны павінен заняць менавіта тое месца, якое Бог прызначыў.
У Каталіцкім Касцёле існуе трывалая традыцыя, што кандыдаты, якія рыхтуюцца прыняць пасвячэнні да аднаго з трох узроўняў святарства (дыяканату, прэзбітэрату або біскупства), непасрэдна перад самымі пасвячэннямі, павінны прыняць удзел у спецыяьных духоўных практыкаваннях.