У панядзелак, 6 студзеня, католікі з усяго свету адзначалі свята Аб’яўлення Пана, альбо Трох Каралей. Кожная краіна і мясцовасць па-свойму адзначае гэтую ўрачыстасць. Акурат у гэты дзень прадстаўніцы касцёла Ўзвышэння Святога Крыжа з Ліды знаходзіліся ў польскіх Татрах, у Закапанэ. Дзяўчыны распавялі Grodnensis.by пра тамтэйшыя звычкі і даслалі фотарэпартаж з гэтай падзеі.
“У горадзе штогод праходзіць працэсія Трох Каралей. Моладзь мясцовай парафіі Святой Сям’і і вернікі арганізоўваюць шэсце галоўнымі вуліцамі Закапанэ. Галоўнымі ў гэтым шэсці з’яўляюцца Тры Каралі, якіх вязуць у прыгожай карэце. Усе жадаючыя апранаюць адмысловыя кароны, бяруць спеўнікі і разам, пад гуральскія скрыпкі і спеў калядак, пачынаюць рух”, - распавяла Ганна Маёрава.
“Тут шмат дзетак, музыкантаў і проста вернікаў, якія апрануты ў традыцыйныя гуральскія касцюмы, што яшчэ болей падкрэслівае ўсю непаўторнасць гэтага свята. У шэсці прымае ўдзел не толькі мясцовае насельніцтва, але і турысты, якія прыехалі ў гэты гарадок”, - дадала Ганна.