Skip to main content

II Нядзеля перыяду Божага Нараджэння. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Кожны чалавек у старажытным свеце згадзіўся бы са св. Янам, што Бога ніхто ніколі не бачыў: людзі былі ўражаны, здзіўлены і засмучаныя тым, што Бог, як ім здавалася, з'яўляўся бязмежна далёкім і неспазнавальным. У старазапаветным прадстаўленні ніхто не можа бачыць Бога. Вялікія грэчаскія філосафы мелі такое ж ўяўленне пра Бога, нават некаторыя смяяліся над тым, што хрысціяне называлі Бога Айцом.

У Езусе Хрысце да людзей прыйшоў некалі далёкі, нябачны, недасягальны Бог; Бог ужо ніколі больш не будзе чужым.

Выказваючы гэтую думку, евангеліст Ян пачынае сваё Евангелле ўзвышанымі словамі. Ён адмаўляецца апісваць нараджэнне Езуса, як іншыя евангелісты, і з першых радкоў Евангелля акрэслівае самую сутнасць той значнай падзеі – Слова сталася целам. Ён кажа: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася”. Перад намі папросту паўстаў Усемагутны Бог, і ў гэтым сутнасць сённяшняга свята.

Пра Яго прыход папярэджвалі. Быў пасланы Богам чалавек па імені Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе праз яго паверылі. Аднак, нягледзячы на гэтую падрыхтоўку і на тое, што Святло было сапраўдным, многія Яго не прынялі. А павінна быць па-іншаму.

І ў выніку толькі тым, хто Яго прыняў, Слова дало сілы стаць дзецьмі Божымі. Хто ж яны, гэтыя выбраныя? Евангеліст дае дакладнае азначэнне: “ хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся”.

Хтосьці сказаў – Хрыстос стаў чалавекам, паспрабуем і мы ім стаць. Няхай у нашых думках, словах, адносінах да іншых будзе больш чалавечнасці, міласэрнасці, прымірэння і павагі.