Skip to main content

Кс. Уладыслаў Сурвіла: “Моладзь прыходзіць у касцёл праз моладзь”

Кс. Уладыслаў Сурвіла служыць у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе з верасня 2012 г. Як і ўсе святары, выконвае простыя штодзённыя абавязкі: споведзь вернікаў, выезды да хворых, св. Імша, катэхэзы і інш. Адным з прыярытэтаў святара з’яўляецца праца з моладдзю. Кожны ў парафіі ведае, што з прыходам у святыню кс. Уладыслава маладых людзей значна пабольшала. Таму пра сучасныя праблемы маладога пакалення, іх асаблівасці і захапленні мы і паразмаўлялі з лідскім душпастырам.

Якія галоўныя праблемы маладых людзей вы маглі б назваць?

Па-першае гэта непаразуменне з бацькамі, аднагодкамі. Гэта праблема, якая існавала заўсёды. Пры гэтым моладзі не хапае прыкладаў, узораў для кіравання ў жыцці. Вельмі шмат маладзёнаў прыходзіць у Касцёл менавіта па прыкладу нашай моладзі, якая ходзіць у святыню. Моладзь прыходзіць да Бога праз моладзь. Таму патрэбны прыклады, узоры. Таксама шмат асобаў сустракаецца з праблемай выбару жыццёвага шляху. Маладыя асобы вагаюцца, думаюць ці Бог іх кліча. Гэта асноўныя праблемы.

AW0AGaJZLE0А ці ёсць праблемы ў Касцёла адносна працы з моладдзю? Ці існуе пытанне малой колькасці душпастырстваў ці недахопу душпастыраў?

Калі святар захоча, то на ўсё будзе час. Галоўнае, каб хацелася. Такіх праблемаў не існуе, галоўнае, каб усе стараліся знаходзіць час для моладзі. Нам у Лідзе лягчэй – тут меней дыскатэк, забаўляльных установаў (у параўнанні з Мінскам ці Гародняй). Патрэба больш рэкламы з боку самой моладзі, неабходна больш канкрэтных жыццёвых сведчанняў. Калі людзі бачаць чым жыве моладзь – яны здзіўляюцца і змяняюцца. Таму, што маладыя людзі ў Касцёле не толькі моляцца, але праводзяць шмат часу разам, па-за святыняй.

Напэўна моладзь займае ўвесь Ваш вольны час?

(Усміхаецца) Калі ты не аддасі ім свой час – не будзе плёнаў. Як напісана ў Святым Пісанні, калі не заставіш сваёй сям’і, дык і іншай не пабудуеш.

9rgl C9NKMEЦі бачны прагрэс, ці заўважаеце плёны свайго служэння?

Я бачу прагрэс тады, калі моладзь пайшла вучыцца ў розныя ВНУ і пазней вяртаецца ў Ліду, у наш касцёл і адчувае сябе як дома, ім хочацца вяртацца сюды. У мінулым годзе былі адныя людзі, у гэтым прыходзяць новыя. Значыць штосьці іх сюды прыцягвае, ёсць пэўная цікавасць да храма. Напэўна ў гэтым і ёсць прагрэс.

Якія галоўныя кірункі працы з маладымі людзьмі Вы бачыце сёння?

Малітва. Прыклад малітвы. Малітва – гэта акіян, там можна знайсці ўсё. Галоўнае, гэта навучыць маліцца, няважна ці гэта будзе спеў, ці адарацыя, ці яшчэ якія сродкі. Прыярытэт – гэта адчуць і захапіцца малітвай. Пры гэтым важна памятаць пра асабісты прыклад. Патрабуеш чагосьці – пакажы прыклад. Важна быць аўтарытэтам. Таксама ў сваім душпастырстве стараюся прыцягваць маладзёнаў да Бога, а не да сваёй асобы. Бо пазней ад’язджаеш на іншую парафію, а яны застаюцца адныя. Таму сваім служэннем стараюся перш за ўсё паказаць ім Бога, а не сябе.

Бачыце розніцу паміж сучаснымі маладзёнамі і Вашым пакаленнем?

Не, праблемы, у асноўным, застаюцца тыя ж. Зразумела з’явіўся інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, але тое, чым яны жывуць, застаецца такім жа. Я кіруюся правілам, што да кожнага можна знайсці падыход. Да гэтага важна памятаць – няма дрэнных дзяцей.

g6aJlwEteMsУ чым вы знаходзеце мяжу быцця айцом і братам для маладых людзей?

Быць айцом, гэта значыць калі да цябе прыходзяць паразмаўляць, прыходзяць з даверам. З табой радзяцца, шукаюць падтрымкі. Гэта вельмі важна. У той жа момант быць братам, гэта калі мы бавімся разам, гуляем у валейбол, проста праводзім час адной гурбой. Як адно, так і другое – неад’емнае. А моладзь вас вучыць?

Несумненнна. Часам нават не спадзяюся, а яны па-свойму мяне вучаць, задаюць цяжкія пытанні. Такіх сітуацый было вельмі шмат.

Напрыканцы хацеў б сказаць, што галоўнае ў жыцці – несці Хрыста.

Размаўляў Арцём Ткачук