Skip to main content

Ва ўрачыстасць Св. Сям'і для сем'яў ладзіўся калядны вечар

IMG 3019 thumb28 снежня ў кляштары сясцёр назарэтанак у Гродне адбылася калядная сустрэча для мнагадзетных, малазабяспечаных і сем’яў у якіх жывуць дзеці-інваліды. Арганізатарам сустрэчы быў Цэнтр Сацыяльнага Абслугоўвання Насельніцтва (ЦСАН) Ленінскага раёна і сёстры назарэтанкі.

У 17.00 у доме сясцёр, у прыгожа і святочна ўпрыгожанай зале, сабралася больш за 60 гасцей, сярод якіх палову складалі дзеці. Праграму каляднага вечара рыхтавала і праводзіла моладзевая група  з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Гродна-Дзевятоўка) пад кіраўніцтвам Марыны Жыбартовіч.

Мноства цікаўных вачэй назіралі за выступленнем пяскографа Веранікі Паплаўскай, якая на падсвечаным экране малявала прыгожыя карціны з пяску. А потым у жадаючых была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі пяскографа з падказкамі Веранікі. Найбольш смелымі аказаліся самыя маленькія.

Ірэна Хідмановіч сваім прыгожым спевам калядак дадала вечару большай святочнасці. Гучалі калядныя песні на польскай і беларускай мовах.

Далей моладзь паказала, як павінна выглядаць вігілійная вячэра і як святкуецца Божае Нараджэнне. Усё было абстаўлена ў выглядзе спектакля для самых малодшых, тлумачылася вельмі простымі словамі. Пасля чаго ксёндз Валерый Спірыдон асвяціў аплаткі. Усе ламалі адзін у другога аплатак і складалі пажаданні і віншаванні на свята Божага Нараджэння і Новы Год.

Майстры-кандытары ГГТУП “Лімож”  падрыхтавалі для гасцей салодкія пачастункі, якія былі не толькі смачныя, але і прыгожыя.  Ім дапамагалі кандытары Кацянына, Вікторыя, Юлія з Гродна і Юлія з Слоніма, якія добраахвотна захацелі дапамагчы. 

Гэтым вечар не скончыўся – далей было прадаўжэнне праграмы, і спадарыня Марына запрапанавала пагуляць у гульню, у якой удзельнічалі амаль усе, у кожнага была роля.

Пасля сумеснага спеву калядак Анна Віткоўская, заведуючая аддзелам сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ЦСАН Ленінскага раёна г.Гродна, павіншавала гасцей са святамі і пажадала “захаваць гэтую радасць ў сваім сэрцы на ўвесь год і несці яе іншым людзям”.

На прыканцы сустрэчы ўсе дзеці атрымалі падарункі ад спонсараў вечара  ААА "ДанонБел" і ЗААА "Біаком".

Спадарыня Люцына, маці 5 дзяцей, прыехала з усёй сваёй сям’ёй з Путрышак. Яна падзякавала Анне Віткоўскай за запрашэнне “і за тое, што ладзяцца такія вечары, менавіта хрысціянскія, таму што нашыя дзеці вельмі актыўна ўдзельнічаюць у жыцці нашай парафіі св. Казіміра ў Путрышках”. Пажадала “моцнай веры, адкрытых вачэй, таму што дабро – яно ёсць, яго трэба бачыць. Больш добрых людзей у іх жыцці. І самае галоўнае – не баяцца быць святымі сёння, таму што гэта вельмі складана. Адвагі, праўдзівай такой смеласці быць святымі, іншымі, не такімі як з натоўпу, а людзьмі з вялікай літары. Не быць шэрай масай, а быць кімсьці.”

Марына Белаблоцкая