Skip to main content

Крыху пра біскупа-намінанта Юзафа Станеўскага з вуснаў іншых людзей

img 1149 thumbГазета "Каталіцкі Веснік", для сваіх чытачоў падрыхтавала цікавы матэрыял пра новапрызначанага дапаможнага біскупа для Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Юзэфа Станеўскага.

Вайсковец з аплаткам

Супрацоўнікі біскупа Юзафа Станеўскага апавядаюць цікавы выпадак з яго маладосці. Тады яшчэ просты хлопец Юзаф быў прызваны служыць у войску і быў накіраваны ў Мачулішчы. Вядома, што армія – а гэта яшчэ было ў савецкія часы – месца, дзе немагчыма было актыўна практыкаваць сваю веру. Аднак не ў выпадку салдата Станеўскага. Здому на свята Божага Нараджэння яму выслалі святочныя віншаванні з белым аплаткам у канверце, як гэта прынята ў католікаў. Чамусьці загадзя высланы ліст дайшоў да салдата толькі пасля Новага года. Юзаф пачаў шукаць, з кім можна было б падзяліцца аплаткам, каго павіншаваць са святам. Але так і не знайшоў нікога. Таму вырашыў пайсці проста ў чырвоны куток, так званы “ленінскі пакой”, каб спажыць хлеб. Якое было яго здзіўленне, калі ён пабачыў, што ў чырвоным кутку яшчэ нехта ёсць. Аказалася, што туды прыйшоў яшчэ адзін салдат-католік. Упоцемках ён стаяў на каленях і маліўся, трымаючы таксама ў руках белы аплатак. Два салдаты павіншавалі адно аднаго і падзяліліся аплаткам пад пільным позіркам Ільіча, бюст якога ўзвышаўся на пастаменце.

У Вышэйшую духоўню семінарыю Юзаф Станеўскі паступіў, маючы 21 год. Прэзбітарскае пасвячэнне прыняў 17 чэрвеня 1995 года. У тым жа годзе быў прызначаны вікарыем парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Пасля крыху больш чым гадавой душпастырскай паслугі быў накіраваны ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, у Польшчу, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята кананічнага права.

У 1999 годзе кс. Юзафа прызначаюць выкладчыкам і прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Адказны і знаходлівы выхавальнік

“Я ведаю новапрызначанага біскупа Юзафа Станеўскага яшчэ з часу майго знаходжання ў духоўнай семінарыі. Калі я вучыўся на трэцім курсе, гэты святар быў накіраваны дэкрэтам біскупа Аляксандра, каб працаваць у нашай семінарыі ў якасці прэфекта выхавання. Безумоўна, гэтае заданне не з’яўляецца лёгкім. Выхоўваючы маладога чалавека, кожны ўсведамляе вялікую адказнасць за будучыню Касцёла і грамадства. Тым больш трэба лічыцца з тым, што гэта асоба будучага святара. Таму і падыход да выхавання павінен выражацца не толькі ў тым, каб браць удзел у інтэлектуальнай фармацыі, але, перш за ўсё, у духоўнай і чалавечай. З самага пачатку свайго служэння ў якасці прэфекта кс. Юзаф Станеўскі стараўся вельмі адказна выконваць свае абавязкі. Ён выкарыстоўваў розныя спосабы, каб мы навучыліся ў нашым будучым святарскім служэнні ўключацца ў розныя формы евангелізацыі”, – гаворыць кс. Валерый Быкоўскі, духоўны айцец семінарыі ў Гродне.

“Пры падтрымцы кс. Юзафа ўзнік семінарыйны тэатр, з’явілася футбольная каманда “Kronon”, пачала друкавацца семінарыйная газета “Duc in altum”, а таксама ўзнікалі іншыя евангелізацыйныя акцыі, у якіх удзельнічалі клерыкі. У стаўленні кс. Юзафа да рэчаіснасці была відаць любоў да Касцёла, семінарыі і свайго служэння, якое ён выконваў не толькі як прэфект, але пазней і як рэктар. Шмат увагі ён прысвячае інтэлектуальнаму развіццю клерыкаў, асабліва падчас напісання імі дыпломных работ і магістарскіх дысертацый”, – адзначае кс. Валерый.

З 2000 года кс. Юзаф з’яўляецца суддзёй, а з 2005 года – віцэ-афіцыялам Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Гродне. З 2004 года выкладае кананічнае права ў Катэхетычным інстытуце ў Гродне.

Сціпласць і дабрыню вынес з бацькоўскай хаты

Ксёндз Валерый апавядае: “Біскуп вельмі чалавечны. Я памятаю, як ён клапаціўся і дапамагаў падчас хваробы сабрату з курса, святой памяці кс. Антонію Самілу. Кс. Антоній, якога моцна пабілі невядомыя, памёр, маючы 30 гадоў. Гэты святар быў адзіным сынам сваёй маці. Ведаю, што ўжо больш за 10 гадоў новапрызначаны біскуп Юзаф наведвае жанчыну, несучы ёй суцяшэнне пасля смерці сына-святара. Ведаю, што ён мае звычай адведваць таксама падчас святаў і на імяніны самотных людзей. Ён рабіў гэта заўсёды без якога-небудзь шуму. Безумоўна, гэтую чалавечнасць і любоў да Касцёла ён вынес са свайго роднага дома, ад бацькоў Рамуальда і Гэлены, якія выхоўвалі чацвёра сваіх дзяцей ў рэлігійнай атмасферы і шляхецкіх традыцыях”.

23 чэрвеня 2005 года кс. Юзаф Станеўскі быў прызначаны рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

З’яўляецца членам Біскупскай рады і Калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі. У 2007-2013 гадах быў адказным за душпастырскую фармацыю маладых святароў, а з 2009 г. з’яўляецца каардынатарам душпастырства пакліканняў.

“Ён першы з выхаванцаў нашай семінарыі, тых, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, атрымаў ад папы Бэнэдыкта XVI тытул капелана Яго Святасці. Безумоўна, вельмі балюча яму было, што не мог падзяліцца сваёй радасцю са сваім бацькам. Так здарылася, што намінацыю на капелана Яго Святасці кс. Юзаф атрымаў у дзень смерці свайго таты, святой памяці Рамуальда Станеўскага, у 2012 годзе”, – гаворыць кс. Валерый Быкоўскі.

“Асабіста для мяне з’яўляецца вялікім гонарам, што ўсе тры намінаты на біскупаў – выпускнікі нашай Гродзенскай духоўнай семінарыі. Гэта, бясспрэчна, сведчыць пра тое, што зерне, пасеянае праз Хрыста і ўзмоцненае мучаніцкай смерцю за веру шматлікіх святароў і вернікаў Беларусі, ужо прыносіць плён”, – з радасцю гаворыць кс. Валерый.

 

Падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч, "Каталіцкі Веснік"