Skip to main content

Студэнты з Афрыкі спявалі калядныя песні на роднай мове

Учора, 25 снежня, ў Пабрыгідскім касцёле а 17 гадзіне адбылася святочная Імша на ангельскай мове з удзелам студэнтаў з Афрыкі.

Пасля літургіі адбыўся невялікі канцэрт калядных спеваў, падрыхтаваны нашымі сябрамі. Было цікава, але, на жаль, коратка. Моцныя пачуцці выклікалі менавіта спевы на нацыянальнай мове. Бо гэта нешта адметнае, не падобнае да нас. Падчас выканання твораў было прыемна назіраць, як афрыканцы пачалі ўсміхацца і нават трошкі калыхацца ў такт музыкі. А гук, які вылятаў з іх вуснаў, стаў мацнейшы і паўнейшы. Слухачы сядзелі з прыемнымі ўсмешкамі на тварах.

Пасля гэтага усіх чакаў працяг – невялікая вячэра з афрыканскімі стравамі. Штосьці падобнае да нашай кухні, штосьці не. Але было незвычайна і смачна пачаставаць нешта новае.

Нашыя афрыканскія сябры цешыліся з таго, што мы прыйшлі перажыць Божае Нараджэнне разам з імі. А мы ў сваю чаргу радаваліся іх запрашэнню і ўсёй падрыхтоўцы.

Самае галоўнае і прыемнае ва ўсім гэтым тое, што можна яшчэ раз упэўніцца: Касцёл – адзіная і вялікая сям’я, у якой кожны можа адчуваць сябе як дома. І зусім не важна, адкуль ты паходзіш, дзе жывеш, працуеш ці вучышся… І асабліва ў часе свята Божага Нараджэння, калі менавіта нованароджаны Езус усіх аб’ядноўвае.

Вераніка Тоўсцік