Skip to main content

Гродзенскі ардынарый наблізіў вернікам таямніцу Уцелаўлення Хрыста

У вігілію Нараджэння Пана ў Гродзенскім катэдральным касцёле, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі ў прысутнасці шматлікіх вернікаў узначаліў урачыстую Літургію Найсвяцейшай Ахвяры а 22-й гадзіне.

Яго Эксцэленцыя, падчас свайго пастырскага слова наблізіў прысутным вернікам таямніцу Уцелаўлення Збаўцы, які паказаў зусім іншы вобраз Бога, зусім не падобны да тагачасных уяўленняў пра доўгачаканага Месію. Сын Божы паказаў праз сваю пакору і лагоднасць змяніў светапогляд веруючага чалавека, а таксама паказаў, што Бог праяўляе сваю веліч не на сіле і прымушэнні, а на іншых каштоўнасцях і цнотах.

“Евангелле ўзгадвае пастушкоў, якія на заклік Бога адразу пайшлі за Ім. Гэта прыклад таго, што Хрыстос у іх быў на першым месцы. Пакорныя людзі жывуць блізка Бога”, - працягваў пастыр.

Сваё святочнае казанне іерарх падсумаваў думкаю, што Бог, праз свой збавенны прыход на гэты свет раздзяліў з чалавекам цяжкасці яго існавання і не пакінуў яго сам насам са сваімі праблемамі: “... у гэтым дзіцяці да нас збліжаецца сам Бог. Божае Нараджэнне адкрывае нам штосьці новае: Яго дабрыню, Яго пакору. Бог стаўся адным з нас” (…) “Бог выходзіць нам насустрач. Патрэбна адвага, каб жыць згодна з праўдай, з дабром”. (...) “Калі мы верым у Хрыста – мы ніколі не будзем самотнымі”.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Аляксандр склаў свае пажаданні гарадзенцам і дыяцэзіянам.

Ва ўрачыстасцях таксама бралі ўдзел святары-выкладчыкі Гродзенскай семінарыі, святары з Гродна, прадстаўнікі курыі, а таксама святары іншых канфесій.

Пасля набажэнства ўсе маглі падзяліцца аплаткам з гродзенскім ардынарыем і прысутным святарамі. Ламанне аплаткам з біскупам пасля пастэркі стала добрай гарадзенскай традыцыяй.