Skip to main content

Кс. біскуп намінант Юзаф Станеўскі цэлебраваў св. Імшу-пастэрку ў М. Бераставіцы

касцёл у Малой БераставіцыТрадыцыйная Пастэрка, ці ўрачыстая св. Імша, прысвечаная Божаму Нараджэнню, адбылася 24 снежня ў парафіі  Малой Бераставіцы ў касцёле св. Антонія Падуанскага. Парафіяне і іх сем’і, як кожны год, прыбылі ў касцёл, каб з радасцю сустрэць Нараджэнне Збаўцы. У гэтым годзе літургію ўзначаліў ксёндз біскуп намінант Юзаф Станеўскі.

Пад калядныя спевы фігурка Дзіцяткі Езуса з’явілася на сваім месцы і кс. біскуп асвяціў яселькі. На Пастэрцы ксёндз біскуп намінант прывітаў пробашча, кс. Андрэя Казлоўскага, а таксама клерыка, усіх парафіянаў і іх гасцей.

“Сёння вялікая радасць, бо нарадзіўся Езус Хрыстус!” - прамовіў падчас гаміліі ксёндз біскуп. “Амаль 1150 млн. католікаў ва ўсім свеце чуюць і ідуць за тым голасам, які абвяшчае вялікую радасць.(…) Сёння каля кожнага алтара ўсе святары паўтараюць тыя словы, якія мы пачулі, якія пачулі пастушкі. Анёл прыйшоў, каб сказаць: “не будзьце тут на гэтым мейсцы, не грэйцеся каля вогнішча, але ідзіце туды, ідзіце за клічам свайго сэрца, свайго розуму, за тым, за чым вёў вас Бог”. Далей ён прадоўжыў: “Чалавек цераз свае злыя ўчынкі і непаслушэнства сцягнуў на сябе грэх. Але Бог не аставіў чалавека, ужо тады праз сваю міласэрнасць да свайго стварэння, сказаў: “Не перажывай, будзе тая, хто народзіць Сына, Збавіцеля. Але патрэбна цярплівасць, і май надзею, што так станецца”. І вось праз пакаленні, так як мы ў часе Адвэнту, спявалі разам з усім Касцёлам: “Дайце, нябёсы, росы з вышыняў…” Дайце Справядлівага! (…) І людзі праз пакаленні перадавалі гэтую надзею, што народзіцца Збаўца і вызваліць людзей з няволі. Вось настаў гэты момант. Бог запрашае чалавека ў сваё жыццё, Ён – Стварыцель ўсяго існага, Ён – Пан гэтага свету. Звярнуў увагу, як вучыць папа Францішак, што “Бог – Айцец міласэрнасці, каб мы адчувалі сябе дзецьмі божымі, каб кожны з нас адчуў годнасць, вартасць і значэнне”. Бог спрабаваў зрабіць гэта цераз прарокаў, але чалавеку трэба ўбачыць, дакрануцца, каб паверыць. Тады Бог пасылае свайго Сына, і робіць гэта даступным спосабам, канкрэтным чынам, зразумелым і, можна сказаць, людскім. Не сілай, не гвалтам, а лагодна, з цярплівасцю, зразуменнем, адвагай і з любоўю. І вось сталася, што Хрыстус Пан, наш Збаўца, прыходзіць да нас як немаўля. Прыходзіць на свет у канкрэтнай сям’і, каб мы таксама адчувалі сябе сям’ёй. Сям’я сёння мае вельмі вялікае значэнне, бо ў сям’і нараджаецца новае жыццё. Бог прыходзіць да чалавека тады і сёння, але Бог патрабуе, каб чалавек ішоў да чалавека, каб мы ішлі і ў сённяшнім свеце прапаведавалі Евангелле, абвяшчалі Добрую Навіну, што “bóg się rodzi, moc truchleje”.

Звярнуўся да маладога пакалення з просьбай паважаць старэйшых, паважаць традыцыі, вярнуцца да іх. На прыканцы казання кс. біскуп Юзаф заклікаў ісці ў свет і абвяшчаць вялікую радасць Божага Нараджэння праз словы папы Францішка: “Дзяліцца аплаткам не толькі з тымі, хто гэта ўжо рабіў, хто яго спрабаваў,” і дадаў: “Бо як можна сказаць пра смак, калі ты яго не пакаштаваў ? Як можна сказаць, што ты не верыш у Бога, калі Яго ніколі не было ў тваім сэрцы? Бог прыходзіць і дзейнічае на кожнага з нас. Яму патрэбна адкрытасць нашых сэрцаў.”

Падчас св. урачыстай Імшы маліліся за ўзаемную любоў і згоду ў сем’ях, за памерлых блізкіх, за тое, каб вернікі напоўніліся радасцю Божага Нараджэння.

Напрыканцы св. Імшы ксёндз біскуп намінант Юзаф Станеўскі звярнуўся да вернікаў з віншаваннямі на Божае Нараджэнне.

Пасля Літургіі на вуліцы парафіянаў чакаў невялікі сюрпрыз – феерверк, які падрыхтавалі міністранты разам з клерыкам.

Марына Белаблоцкая