Skip to main content

Урачыстасць Божага Нараджэння. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Паважаны браты і сёстры, вось хутка і праляцеў час Адвэнту. Нашыя парафіяльныя святыні напоўніліся прыемным пахам вечназялёных елак, упрыгожыліся чароўнымі дэкарацыямі, а ціхі спеў калядных песняў нагадвае нам аб вечным.

 

Урачыстасць Божага Нараджэння сагрэтая цеплынёй нашых сэрцаў, такая чаканая і таямнічая. Як яна адрозніваецца, ад той, што была дзве тысячы год назад, у халоднай шопцы. Чытаючы аповед пра нараджэнне Езуса, нас дзівіць думка пра тое, што нараджэнне Божага Сына адбывалася ў вельмі бедных умовах. Можна было б чакаць, што калі ўжо Яму наогул было наканавана нарадзіцца, то ў палацы або замку. Адзін еўрапейскі манарх часта трывожыў сваіх прыдворных тым, што любіў таемна пакідаць палац і хадзіць інкогніта сярод народа. Калі яго прасілі не рабіць гэтага, спасылаючыся на яго асабістую бяспеку, ён адказваў: “Я не магу правіць людзьмі, не ведаючы, як яны жывуць”.

Хрысціянская вера пацвярджае вялікую думка, што наш Бог ведае нашае жыццё, таму што Ён Сам жыў гэтым жыццём.

Бог ва ўсім стаў падобны да нас, апроч граху і хоча быць нашым самым вялікім багаццем. Бог у Бэтлееме аддаў у рукі чалавека Самога Сябе. Аднак ці мы зможам цалкам аддаць сябе ў Яго рукі?

Няхай сёння радасна гучыць па ўсім свеце – Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі, бо нарадзіўся наш Збаўца - Езус Хрыстус!