Skip to main content

Дабрачынная група «Уваскрасенне» ладзіла калядныя сустрэчы для дзяцей

дабрачынная група "Уваскрасенне" ў карэкцыйным ЦэнтрыВось ужо 8 гадоў у Пабрыгіцкім касцёле актыўна існуе душпастырства студэнцкай і старэйшай працоўнай моладзі «Open». Праца там вядзецца ў многіх напрамках, і адзін з іх - дабрачынная група «Уваскрасенне». Каляднай традыцыяй групы з'яўляецца наведванне УА "Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі дзяцей". У гэтым годзе група ладзіла 2 калядныя сустрэчы ў Цэнтры, 18 і 20 снежня.

Як сказаў Джордж Эліёт: “Мы занадта часта даручаем людзей міласьці Госпада і занадта рэдка самі праяўляем міласэрнасць”.

Маладыя людзі, якія неабыякавыя да чужога гора, якія маюць вялізарнае жаданне дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы - гэта і ёсць удзельнікі групы. На працягу года яны праводзяць нямала акцый. Каляды - гэта час радаснага чакання прыходу маленькага Езуса, які прыносіць у нашыя сэрцы супакой, радасць і сваім прыкладам паказвае, што любоў – паплечніца міласэрнасці.

Першая калядная сустрэча адбылася 18 снежня. Валанцёры сустракаліся з дзецьмі старэйшых груп, падрыхтавалі для іх ценявы тэатр казкі «Рукавічка». Потым іх прывітаў кс. Антоні Грэмза ў вобразе святога Мікалая. Разам мы спявалі каляды і вадзілі карагоды. У канцы сустрэчы дзеці атрымалі падарункі, а ў Цэнтр перададзены цацкі і медыкаменты.

Праз 2 дні, валанцёры зноў вярнуліся ў Цэнтр, але на гэты раз з праграмай ранішніка для дзяцей да 3-х гадоў і іх бацькоў. Вясёлая Снягурка і пацешны дзед Мароз адразу стварылі святочны настрой. Былі песні, танцы, гульні, акрамя таго, дзеці, не без дапамогі бацькоў, падрыхтавалі маленькія выступленні, што каштавала кожнага немалых высілкаў. На заканчэнні ранішніка дзяцей чакалі падарункі і віншаванні ад святога Мікалая.

Хочацца дадаць, што ўсе акцыі магчымыя дзякуючы Вам, парафіянам г. Гродна. Менавіта за кошт ахвяраванняў, сабраных на акцыі «Ciacho za ciacho» (пячэнька за пячэньку) і на Міжнародны дзень абароны дзяцей мы можам падарыць ўсмешку і «праменьчык радасці» дзецям. Вялікі дзякуй.

Ірына Балтрукевіч