Skip to main content

ІV нядзеля Адвэнту. Кс. Андрэй Кеўлюк

Незадоўга мы з вамі, дарагія, закончым час Адвэнту – час радаснага чакання на прыход Езуса-Збаўцы на Зямлю. Здаецца, так нядаўна мы з Вамі разпачыналі гэты дзівосны і поўны задумы час – час, калі кожны стараўся прыгатаваць сваё сэрца на жыллё для Бога. Напэўна яшчэ не адзін з нас павінен будзе рана абудзіцца, каб у часе раратняй Імшы пры запаленай раратцы разам з Марыяй чакаць на нараджэнне Сына. Мне асабіста вельмі шкада, што гэты час заканчваецца…

 

У часе Адвэнту кожны з нас стараўся як мага больш наблізіцца да Бога: многія бралі тыя ці іншыя пастановы, якія павінны былі дапамагчы нам пазбавіцца той ці іншай нашай злой звычкі, граху, некаторыя клапаціліся, каб у іх жыцці стала больш малітвы, другія ж стараліся знайсці час на чытанне Святога Пісання і духоўнай літаратуры - кожны з нас стараўся як мага больш даверыць сваё жыццё Богу.

У часе сённяшняй Добрай Навіны мы з Вамі пачулі выдарэнне са святым Юзафам, калі пасля заручынаў з Марыяй ён даведваецца аб яе цяжарнасці. Для яго гэта было як “снег на галаву”, па законах таго часу Марыю павінны былі прывесці да дзвярэй дому бацькоў і закідаць камянямі. Можа менавіта з гэтай прычыны Юзаф і хацеў Яе патаемна адпусціць. Толькі пэўнае выдарэнне не дало яму гэтага зрабіць… “Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што пачалося ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў”. (Мц 1, 20-21) Напэўна не адзін з нас быў бы трошкі збянтэжаны, калі б да нас прыйшоў анёл Пана і аб нечым нас прасіў, і многія з нас проста не паверылі бы ў гэтую з,яву. На прыкладзе Юзафа мы бачым чалавека вельмі рэлігійнага і самае галоўнае – чалавека, які без пытанняў і пацвярджэнняў давярае сваё жыццё і жыццё Марыі Богу.

Прыклад святога Юзафа з сённяшняга Евангелля павінен кожнага з нас навучыць такога самага даверу нашага жацця Богу. Бог найлепей ведае, што кожнаму з нас патрэбна, а калі нават і дае выпрабаванне, то заўсёды Ён блізка, каб нам дапамагчы. Юзаф – прыклад чалавека, даверыўшага сваё жыццё Богу. Многія цяпер маглі бы зазначыць, што ён стаў апякуном Божага Сына. Але давайце, дарагія, ўспомнім адразу Евангелле, якое апавядае аб дзяцінстве Езуса; жыццё Юзафа не было такім простым, ён павінен быў шукаць месца, каб Марыя магла нарадзіць Езуса, пазней разам са сваёй сям,ёй уцякаў ад Ірада ў Егіпет, а пазней у Назарэце сваёй працай зарабляў на хлеб. Бог выпрабаваў Юзафа, і Апякун Святой сям’і гэта выпрабаванне вытрымаў. Вельмі часта Айцец Нябесны дапамагае нам вытрымаць у цяжкасцях, пасылаючы нам людзей на жыццёвым шляху, да якіх мы можам звярнуцца па паратунак.

Данута Гонсёровска перад выяздам з Нью-Йорку ў Польшу даверылася аднаму са сваіх сяброў: “Я жыву дзякуючы святару. У часе акупацыі мая матуля была змучаная голадам, усе лекары казалі ёй пазбавіцца дзіцяці, якое яна насіла пад сэрцам, калі не, то і яна і дзіця загінуць. Разачараваная, не ведала, што рабіць, яна пайшла да сакраманту споведзі і расказала аб гэтым святару. Святар сказаў, каб хтосці прыйшоў на плебанію, дзе атрымае хлеб, малако і тое, што будзе патрэбна. Так паўтаралася шмат разоў. Дзякуючы чаму я з’явілася на свет, а мая сям,я змагла перажыць акупацыю.”

Хацеў бы звярнуцца да кожнага з нас хрысціянаў: “АДВАГІ!!! БОГ БЛІЗКА.”

Бліжэй, чым на выцягнутую руку…