Вось ужо і чацвёртая нядзеля Адвэнту, ужо толькі пара дзён дзеліць нас ад Свята Божага Нараджэння. Ёсць яшчэ час, каб спаткаць і пазнаць Езуса – Эммануэля – Бога з намі, у сакраманце паяднаня, таму, хто яшчэ не перажыў спаткання з міласэрным Айцом, любоў якога паказвае нам Езус, заахвочваю зрабіць гэта як можна хутчэй.
Божае Слова паказвае нам дзвух людзей: караля Ахаза і справядлівага Юзафа. У Старым Запавеце, сустракаем Ахаза, які не ведае, што рабіць у сітуацыі, у якой ён апынуўся (можа згубіць свой трон, бо суседнія дзяржавы хочуць уцягнуць яго ў вайну. І ён вырашае, каб выйсці з гэтай сітуацыі, заключыць саюз з яшчэ іншым сваім ворагам). Ахаз не шукае дапамогі ў Бога, але людзкай калькуляцыяй хоча вырашыць вельмі важную праблему. Прарок Ісая кажа яму даверыцца Богу і нават кажа, што ён можа прасіць знак у Пана, на пацвярджэнне таго, што Бог не заставіць свой народ, але дапаможа выйсці з цяжкага становішча. Але Ахаз не прымае слова прарока, ён не хоча шукаць вырашэнне праблемы з Богам, як бы Бог для яго не існуе і што Бог можа зрабіць, калі такія важныя пытанні - палітычнае становішча, вайна. Нягледзячы на паводзіны Ахаза, Бог адпавядае, што дасць знак сам: з Дзевы народзіцца дзіця, якому дадуць імя Бог з намі.
Ці ў сваім жыцці я ўсе свае справы разважаю перад Богам і разам з ім шукаю выйсця, ці сапраўды веру, што Бог заўсёды са мною і толькі Ён можа вырашыць любую справу, бо для Яго няма нічога немагчымага.
Праз хрост, кожны з нас атрымаў ласку веры. Як чытаем у пасланні да Рымлянаў, Павел называе нас “умілаванымі праз Бога і пакліканнымі святымі”, хай гэтыя словы цешаць і радуюць нашыя сэрцы, бо сапраўды Бог сярод нас і Ён нас моцна кахае.
Усім, хто разважае і кахае Божае Слова, жадаю радасных і благаслаўлёных Святаў Божага Нараджэння, няхай Езус адарыць вас неабходнымі ласкамі.