Учора, 20 снежня, скаўты з польскай школы г. Гродна прывезлі агонь з беларуска-польскага памежжа ў Гродзенскую катэдру св. Францішка Ксаверыя, дзе ў 17 гадзін адбылося ўрачыстае прывітанне і св. Імша, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Каля 15 скаўтаў працэсіяй прынеслі агонь да алтара і перадалі ў рукі Яго Эксцэленцыі. Ён напачатку сказаў: “Гэта вялікая радасць. Жадаю, каб агонь Божай любові і супакою загарэўся ў нашых сэрцах”.
Таксама 20 снежня, у катэдры распачаліся адвэнтавыя рэкалекцыі. Менавіта ў пятніцу была канферэнцыя для малодшых. Рэкалекцыяніст, кс. Аляксандр Яшэўскі, на пачатку казання запытаў у дзяцей: “Не ведаю, ці заўважылі вы, але сёння ў вачах сабраных у гэтай катэдры была якаясьці незвычайная радасць. Вочы многіх заіскрыліся дзіўным бляскам, на вуснах паявілася ўсмешка радасці. Як вам здаецца, што стала прычынай гэтай усмешкі, радасці ў вачах? Што стала прычынай, што ў адну хвіліну ўсе мы ў нашай святыні ўзрадаваліся?”
Дзяўчынка адказала: “Госпад”. На што ксёндз сказаў: “Напэўна, вялікую радасць у нашых сэрцах запаліў сам Пан Езус. Але яшчэ што?” Тады другая дапоўніла: “Да нас прывезлі агонь з Бэтлеема – месца, дзе нарадзіўся Езус”. Кс. Аляксандр прадоўжыў: “Уявіце, якія мы шчаслівыя, бо мы сталі тымі першымі людзьмі, якія ўбачылі гэтае святло, бэтлеемскае святло з таго месца, дзе нарадзіўся Пан Езус”.
Святар пажадаў, каб Бэтлеемскі агонь запаліўся не толькі на вігілійных сталах, але і “ў нашых сэрцах, нашай душы, і каб мы ўмелі ім дзяліцца з іншымі – сваімі роднымі, блізкімі, сябрамі і тымі, хто не мае радасці”.
Пасля св. Імшы вернікі запальвалі свечкі і лампадкі ад свечкі з Бэтлеемскім агнём, каб занесці іх у свае дамы.
Пасля ўрачыстасці ў катэдральным касцёле каталіцкія скаўты з Мінска, разам са сваім душпастырам кс. Міхаілам Бубенам павязуць агонь у сталіцу. Па дарозе Бэтлеемскі агонь завітае ў Ліду, Івянец і іншыя гарады. У Мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі вернікі змогуць запаліць свае лампадкі сёння, 21 снежня. З Мінска агонь трапіць у Гомель, Пінск, Магілёў, Віцебск і па ўсёй Беларусі. Расійскім скаўтам агонь з Бэтлеему сёлета перададуць мінскія скаўты. 24 снежня на вігілійных сталах Гродна, Беларусі, Еўропы будзе гарэць агонь супакою, радасці і братэрскай любові. Усё гэта дзякуючы акцыі “Бэтлеемскі агонь супакою”, якая ў гэтым годзе праходзіць пад дэвізам “Выйдзі з ценю. Пакажы дабро”.
Першы раз акцыя «Бэтлеемскі агонь супакою» была арганізавана ў 1986 годзе ў горадзе Лінц, ў Аўстрыі, як частка вялікай каляднай дабрачыннай акцыі для дзяцей-інвалідаў і бедных людзей. “Святло ў цемры” – так першапачаткова называлася акцыя і была прапагандавана Аўстрыйскім Радыё і Тэлебачаннем (ORF).
Ужо праз год патранатамі акцыі сталі аўстрыйскія скаўты. Яны разносілі агонь з Бэтлеем у розныя ўстановы – бальніцы, дзіцячыя дамы, адміністрацыі, каб у час Божага Нараджэння ён стаўся жывым сімвалам супакою, братэрства, надзеі і любові.
Кожны год ORF выбірае прадстаўніка з ліку дзяцей і моладзі, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, каб дэлегаваць яго ў месца нараджэння Езуса Хрыста. Там бяруць агонь ад нязгаслай лампадкі ў базіліцы Раства Хрыстова ў Бэтлееме і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Былі выпадкі, калі з-за складанай сітуацыі ў краіне ніхто не мог забраць агонь у самым Бэтлеем, тады ізраільскія і палесцінскія дзеці перавозілі агонь у Тэль-Авіў, або нават у Вену.
З Вены агонь трапляе ў іншыя краіны амаль усёй Еўропы, а нават і за палярны круг.
Марына Белаблоцкая