Skip to main content

ІV нядзеля Адвэнту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У апошнюю нядзелю Адвэнту Касцёл прапануе нам чытанне Евангелля паводля Мацвея, у якім распавядаецца пра падзеі, якія папярэднічалі Нараджэнню Хрыста.

 

Святы Юзаф даведаўся, што яго нарачоная носіць пад сэрцам дзіця. Амаль фізычна можна адчуць ўнутраную барацьбу Юзафа, які стаіць перад драматычным выбарам - альбо ён павінен развесціся з Марыяй, згодна з законам, альбо прыняць Марыю і выхоўваць чужое дзіця. Паколькі ён быў чалавекам справядлівым, у значэнні паслухмянасці закону праайцоў, то мае намер прыняць горкае і цяжкае рашэнне. Адначасова, ён чалавек „праведны”, у значэнні „ціхі , міласэрны і добры”, і таму хоча зрабіць усё гэта як мага далікатней. Такім чынам, ён выбірае „патаемную” дарогу, без законнага абвяшчэння, разбору і шуму, у прысутнасці толькі двух сведак, неабходных для пацверджання рэчаіснасці разводу, надыходзячага пасля перадачы так званага разваднога ліста.

Змрок ў сэрцы Юзафа развеяў анёл: “Не бойся прыняць Марыю”. Перад ім адкрываецца новае жыццё і незвычайная місія. Гісторыя Юзафа вучыць нас даверыцца Богу. Сказаць Богу ТАК, як Марыя і Юзаф. І ўступіць на Яго шлях - шлях хрысціянскага жыцця, выканання запаведзяў, самаадрачэння, адмовы ад граху ва ўчынках, словах і думках. Таму што, на самой справе, гэты Шлях - гэта асаблівы дар i асаблівая ласка, гэта ласка нашай богаабранасці.

Няхай сённяшняя літургія будзе падставай для ўмацавання нашага адзінства з Богам, ўмацавання нашай веры, няхай надасць нам адвагі, каб мы не баяліся прыняць Пана ў сваё сэрца. І няхай нашае духоўнае навяртанне дапаможа нам радасна перажываць гэтае свята.