Skip to main content

Медыкі Гродна разважалі над пытаннямі веры

img 2006 thumbЗ 13 па 15 снежня ў пабрыгідскім касцёле прайшлі рэкалекцыі для працаўнікоў службы аховы здароўя г. Гродна, у якіх прыняло ўдзел каля 90 чалавек. Дэвізам духоўных практыкаванняў сталі словы Св Якуба: «Так і вера, калі не мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая» (Як 2,17). Канферэнцыі праводзіў айцец Аляксандр Жарнасек, пробашч парафіі святога Юзафа ў Оршы (Віцебская дыяцэзія).

Кс. Мікалай Ціхановіч, адказны за душпастырства медыкаў у Гродне, адзначыў, што рэкалекцыі праводзіліся з мэтай умацавання веры, хрысціянскай салідарнасці, а таксама салідарнасці паміж медыкамі ў служэнні хворым і церпячым людзям.

Канферэнцыі абапіраліся на фрагменты з Бібліі і шматлікія сведчанні. На ўступнай канферэнцыі рэкалекцыяніст паказаў, якой павінна быць сапраўдная вера: «Не дастаткова верыць, што Бог адзіны, і бесы вераць. Вера мае на ўвазе жывыя асабістыя адносіны з Богам, заснаваныя на любові і даверы. (...) Верыць - гэта значыць быць сябрам Бога, выбраннікам Бога, цалкам давяраць Яму». Кс. Аляксандр таксама адзначыў, што «вера расце з вопыту, з сумы розных гісторый і выпрабаванняў Бога».

Звяртаючыся да Святога Пісання, святар на прыкладах Абрагама, Саўла, Давіда паказаў, якім моцным можа быць дзеянне Бога на тых, хто паверыў, важна толькі знайсці смеласць і зрабіць крок насустрач Богу. «Калі ў чалавека з'яўляецца безкарыслівае жаданне служыць Богу, Ён надзяляе яго дарамі, і самы вялікі дар - гэта прысутнасць Святога Духа, які змяняе чалавека, заахвочвае яго да служэння, дапамагае, накіроўвае, вучыць».

Звяртаючыся да ўдзельнікаў духоўных практыкаванняў, а. Аляксандр неаднаразова падкрэсліваў, што вера выяўляецца ў справах. Ён адзначыў, што служэнне з'яўляецца, калі ёсць патрэба. Хворыя людзі адкрыты на Добрую Вестку. Служэнне медыкаў можа праяўляцца ў евангелізацыі, ва ўмацаванні веры і надзеі хворых і павінна абапірацца на бескарыслівую любоў, асабістае сведчанне веры і адказнасць за пацыента.

На заканчэнні рэкалекцый кс. А. Жарнасек заклікаў медыкаў не спыняцца на знешнім, на традыцыі, а пастаянна шукаць Бога. «Гаспад чакае ад нас велізарнай працы. Яго радуе стараннасць і плады». Важнай часткай рэкалекцый стала малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Была таксама магчымасць прыватнай гутаркі і споведзі.

Рэкалекцыі завершыліся ўрачыстай св. Імшой, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі. Ардынарый падкрэсліў важнасць рэкалекцый праведзеных для медыцынскіх супрацоўнікаў і выказаў сваю падзяку рэкалекцыяністу, душпастыру Службы Аховы Здароўя, а таксама ўсім прысутным медыкам. Іерарх адзначыў, што здароўе важна, як для цела, так і для духу, і найважнейшае, каб паміж целам і духам была гармонія. Біскуп гродзенскі павіншаваў медыкаў з надыходзячым святам Божага Нараджэння, пажадаў Божай ласкі, сіл і, каб закладзеныя ў сэрцы падчас рэкалекцый словы, прынеслі багаты плён ў духоўным жыцці.

Караліна Бутоліна