14 снежня, ў салезіанскім араторыі моладзевага цэнтра імя св. Яна Боско ў Смаргоні, адбылася чарговая сустрэча каталіцкіх настаўнікаў і выхавацеляў.
Выконваючы пажаданні, выказаныя на мінулай сустрэчы, ксёндз Іван Огар SDB пазнаёміў удзельнікаў з асноўнымі ідэямі прэвентыўнай сістэмы выхавання св. Яна Боско.
Розум, рэлігія, любоў – вось тры калоны, на якіх будуецца сістэма працы св. Яна Боско з моладдзю; траісты прынцып, які Святы выхаваўца паклаў у аснову свайго прэвентыўнага выхавання маладога чалавека. Уся жыццёвая прастора настаўніка і выхавацеля павінна быць прадастаўлена выхаванцу цалкам. Асаблівае значэнне ў працэсе выхавання мае любоў. І сапраўды, можна моцна любіць, але мала зрабіць.
Падчас супольнай размовы кс. Іван больш грунтоўна расказаў удзельнікам пра першы прынцып выхавання – розум, адзначыўшы, якую вялікую ролю спаўняе ў жыцці дзіцяці ці маладога чалавека дасканалае ўсведамленне тых патрабавынняў, жаданняў, просьбаў, якія да яго прад’яўляюць дарослыя.
Пасля глыбокіх разважанняў святара прысутныя настаўнікі абмяняліся ўласнымі думкамі і жыццёвымі прыкладамі па праблемах выхавання дзяцей і моладзі, зазначылі, што пры выкарыстанні прынцыпу розуму ў працэсе выхавання, важна прытрымлівацца дасканаласці самому, весці няспынную працу над самім сабой.
На наступным этапе сустрэчы ўдзельнікі, па прапанове сястры Ірыны Барцэвіч FMA, паглядзелі цудоўны мультыплікацыйны фільм “Раство”, акунуліся ў атмасферу дзяцінства праз сумесную гульню і сваімі рукамі зрабілі адзін аднаму падарункі на нараджэнне Пана ў выглядзе каляднай ялінкі.
Завяршылася спатканне традыцыйнай гарбатай і малітвай.
Падчас сумеснай малітвы да Маці Божай маліліся ў інтэнцыях, у якіх заклікаў маліцца сваіх выхаваўцаў ксёндз Боска:
• каб пазбегнуць смяротнага граху;
• каб захаваць чыстымі сэрцы;
• каб пазбегнуць дрэннага сяброўства.
Дзве з паловай гадзіны праляцелі як адно імгненне…
Напярэдадні радаснай (ружовай) нядзелі, развітваліся радасныя, удзячныя Пану Богу за сустрэчу і са спадзяваннем на чарговае спатканне 11 студзеня 2014 г.
Ларыса Валынец, настаўніца СШ №5 г. Смаргоні
Крыніца: sdb.by