Skip to main content

IІI нядзеля Адвэнту. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сёння ўжо цешымся ІІІ нядзеляй Адвэнта, так званай радаснай нядзеляй, бо ўжо зусім мала часу засталося нам да Свята Нараджэння Хрыста. І вось першае чытанне заахвочвае нас да радасці, бо прарок гаворыць аб радыкальным змяненні, якое настане: “хай цешыцца пустыня і бездарожжа, хай радуецца стэп і хай цвіце, як лілея! Хай квітнее і скача, поўная радасці і хвалы” (Іс 35, 1), “зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя”. Што з’яўляецца прычынай такой змены?

Бо Бог прыходзіць, “Ён сам прыдзе і збавіць вас”. Бог стаў на бок чалавека, поўнага трывогі, якога дасягае несправядлівасць. Але ці сапраўды мы верым, што Бог і сёння ў нашым жыцці можа рабіць такія радыкальныя змены, што пустыня нашага сэрца стане садам і будзе квітнець, што вочы мае, якія бачаць толькі несправядлівасць і крыўду гэтага свету – убачаць, што Бог заўсёды застаецца пераможцам у любой цяжкай сітуацыі, і ўбачым ціхае дабро, якое ёсць у свеце, што мае вушы пачуюць добрую навіну і маё сэрца напоўніцца супакоем і радасцю з прабывання з Панам.

 

Мы сапраўды будзем шчаслівымі, як навучае нас сённяшняе Евавнгелле, “шчаслівы той, хто не спакусіцца праз мяне” (Мц 11, 6). Будзем прасіць Пана, каб адарыў нас моцнай верай, каб мы, нягледзячы на розныя сітуацыі і спакусы, заўсёды давяралі Хрысту, каб усе нашыя ўчынкі мы рабілі з Ім, для Яго і праз Яго. І тады сапраўды мы будзем шчаслівымі і поўнымі радасці, а праз нас – і нашыя блізкія.